БЕЛ Ł РУС

«Адправілі, як бандэроль па пошце». Маляваныч вярнуўся ў Польшчу з Грузіі

15.08.2025 / 13:29

Nashaniva.com

Акцёра Аляксандра Ждановіча (Маляваныча) учора не пусцілі ў Грузію. Раніцай у пятніцу ён вярнуўся ў Польшчу, пераначаваўшы ў спецпакоі ў аэрапорце Кутаісі

Фота з фэйсбука Аляксандра Ждановіча

«Сябры, я ў Варшаве. Усе добра! Пасля забароны на ўезд у Грузію, мяне раніцай адправілі, як бандэроль па пошце… пашпарт аддалі толькі пасля таго, як па прылеце ўсе пасажыры выйшлі з самалета

Першае: я ўдзячны за ўсе вашыя званкі і смс-ы якія атрымліваў да самай ночы! Каб даведацца, што цябе любяць — не трэба паміраць, ці хварэць… дастаткова, каб грузінскія памежнікі праявілі да цябе «асаблівую» увагу. Другое: да жыцця лепей адносіцца, як да прыгодніцкай аповесці, нечаканыя сюжэтныя павароты якой табе цікавыя, якімі б яны не былі…», — напісаў ён у фэйсбуку.

Аляксандр Ждановіч таксама прывёў некалькі высноў са свайго кейса для тых, каму карціць наведаць Грузію

«1. Калі есць магчымасць — не карыстайцеся беларускім пашпартам (у мяне быў сіні польскі дакумент, так званы «жэнеўскі». 2. Падрыхтуйце да пытанняў: куды вы едзеце? дзе і ў каго будзеце жыць? ці маеце адваротны квіток? 3. Літаральна: маршрут паездкі, адрасы, тэлефоны, фінансавыя гарантыі, медстрахоўка 4. Адказвайце дакладна, выразна, трымайце дакументы пад рукой», — напісаў ён.

Акцёр не ведае, што канкрэтна паслужыла повадам не пусціць яго ў Грузію, хутчэй за ўсё, дакументы не былі прадстаўленыя цалкам, што служыць універсальнай падставай для адмовы для ўезду.

Аляксандр Ждановіч планаваў правесці ў Грузіі творчыя сустрэчы.

Таму сёння а 19-й па Варшаўскім часе (20:00 па Мінску) ён просіць далучыцца ўсіх, хто хацеў прыйсці на сустрэчы ў Грузіі і ўсіх жадаючых да прамога эфіра ў яго фэйсбуку.

Чытайце таксама:

Маляваныча не пусцілі ў Грузію — начаваць ён будзе ў спецпакоі

Каментары да артыкула