БЕЛ Ł РУС

«Ён казаў, што золата з сабой не забярэш, лепей зрабіць нешта для іншых». Дачка бізнэсмена Каліна расказала, як разам з братам чакае яго з калоніі

21.08.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Аляксандр Калін лічыўся ў Круглянскім раёне (Магілёўская вобласць) паспяховым бізнэсменам. Трымаў тры крамы з прадуктамі, адзеннем і абуткам, плаціў заробкі 50 супрацоўнікам. Але пасля 2020 года, калі ён падтрымаў пратэсты, у фірмы пачаліся праблемы. 

Аляксандр Калін у 2020 годзе. Скрыншот з відэа: 6TV Bielarus

У лютым 2023 года бізнэсмена затрымалі, а ў лістападзе прысудзілі 6,5 года калоніі. Каліну напісалі і палітычнае абвінавачванне (удзел у пратэстах, 342 КК), і эканамічнае (нясплата падаткаў, 243 КК).

Цяпер Аляксандр Калін адбывае пакаранне ў калоніі №22 — Воўчыя Норы пад Івацэвічамі.

Праблемы з мясцовымі ўладамі

Дачка Аляксандра Анастасія, якая працавала разам з ім у аддзеле адзення і абутку, кажа, што праблемы ў бацькі пачаліся задоўга да 2023 года.

За паўгода да затрымання супрацоўнікі ДФР прыходзілі ў яго крамы амаль кожны дзень, згадвае яна. Таму ў дзень арышту мужчына ўжо ведаў, што адбудзецца, і спрабаваў хутка патлумачыць сям'і побытавыя рэчы, напрыклад, тое, як здымаць паказанні з лічыльнікаў.

ДФР вырашыў, што за дзесяць гадоў працы прадпрымальнік не даплаціў 3,5 мільёна рублёў падаткаў. Анастасія лічыць гэту суму нерэальнай — у горадзе на 7 тысяч чалавек з малымі заробкамі людзі папросту не набываюць столькі тавараў. Як ёй здалося, у крымінальнай справе супраць бацькі следчыя палічылі за рэалізаваны тавар нават тое, што ляжала на складзе.

Аляксандр Калін у 2020 годзе. Скрыншот з відэа: 6TV Bielarus

У 2020 годзе Калін далучыўся да пратэстаў. У адказ на тое старшыня Круглянскага райвыканкама на праўладным мітынгу скандаваў «ганьба» і «фашысты» ў бок яго і іншых мясцовых бізнэсменаў, якія выказваліся супраць улады.

Праз абразы Аляксандр пісаў заяву на старшыню райвыканкама ў пракуратуру, але справа з месца не зрушылася.

Першае яго затрыманне адбылося ў Мінску — на акцыі ў дзень нараджэння Лукашэнкі. Тады бізнэсмен не сказаў блізкім, што збіраецца ехаць у сталіцу. Дачка зразумела гэта ўжо ўвечары 30 жніўня. Праз тры дні, 1 верасня, мужчыну адпусцілі дадому.

«Калі яго вызвалілі 1 верасня ў Мінску, мы ехалі і заспелі Марш студэнтаў. Ён заплакаў проста за стырном, сказаў: «Уяўляеш, яны не на лінейцы, не на свяце, а ў горадзе на пратэстах».

«Золата з сабой не забярэш, лепей зрабіць нешта для іншых»

У тым жа годзе Аляксандр разам з іншымі прадпрымальнікамі і галоўным санітарным доктарам раёна Аляксеем Цыганавым вярнулі ўсе граматы і падзякі, якія выдавала ім адміністрацыя.

Аляксандр Калін вяртае свае ўзнагароды адміністрацыі раёна. Скрыншот з відэа: 6TV Bielarus

Калін казаў, што ў Круглым няма ніводнай культурнай ці спартыўнай арганізацыі, якой бы яны, прадпрымальнікі, не дапамагалі. «Але на гэта ніхто не глядзіць, усім усё роўна», — дадаваў бізнэсмен. 

Дачка Аляксандра расказвае, што ён стараўся дапамагаць усім, каму гэта было патрэбна: дзецям, ветэранам. Тым, хто не мог аплаціць тавары з яго крамы, ён часта даваў іх у доўг.

«Напэўна, ён самы добры чалавек на свеце. Ён ніколі не сварыўся. Заўсёды займаўся дабрачыннасцю. Калі ў мяне быў выпускны, спытаў, што я хачу. Я заказала: залаты ланцужок. Маючы магчымасць яго набыць, ён сказаў, што «золата з сабой не забярэш» і лепей зрабіць нешта для іншых».

Разам з рэгіянальным тэлеканалам 6TV Bielarus прадпрымальнік здымаў відэа пра безгаспадарчасць мясцовых уладаў — паказваў нядбайнасць на палях з грэчкай і льном, прагнілае сена.

Дачцэ і сыну далі па 15 сутак за скрыншот

Цяпер Анастасіі 26 гадоў, яна жыве ў Варшаве разам са сваім 31-гадовым братам, які мае праблемы са зрокам і амаль нічога не бачыць. У 2023 годзе іх затрымлівалі разам з бацькам — і ёй, і хлопцу далі па 15 сутак арышту. Анастасію судзілі за скрыншот, які тата даслаў ёй у перапісцы.

«Калісьці была плётка пра тое, што Сяргей Ціханоўскі памёр у калоніі. Мне тата скрыншот прыслаў — не я яму, а ён мне. Напэўна, у тыктоку пабачыў, заскрыншоціў, абрэзаў і скінуў. І спытаў, ці праўда гэта. Я яму ў перапісцы адказала, што не ведаю», — згадвае дзяўчына.

Суд палічыў, што карцінка, на якой не было пазначана крыніцы, належыць каналу «Жыццё-маліна», і пабачыў у перапісцы распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Пакуль брат з сястрой былі ў ізалятары, да іх прыязджалі са шклоўскага КДБ і пыталі пра фотаздымкі іх з татам на пратэстах. Цікавіліся, ці іх бацька мог арганізоўваць аўтапрабегі ў Круглым.

Фоты, якімі сілавікі запалохвалі маладзёнам, пазней прыклалі да справы Аляксандра Каліна — дадаўшы яму ў абвінавачванне той самы артыкул аб грубым парушэнні грамадскага парадку (артыкул 342 КК).

Анастасія з Аляксандрам. Фота: сямейны архіў

Неўзабаве пасля вызвалення Анастасія, якая цяпер у вышуку, з братам выехалі ў Грузію, пазней — у Польшчу.

Анастасія працуе ў прадуктовай краме «Бядронка». Першы час яны з братам жылі ў хостэле, але нядаўна перабраліся ў кватэру. Побыт даецца дзяўчыне няпроста — акрамя іх варшаўскага жыцця, яна зарабляе яшчэ і на перадачы для таты. «Яны рэдкія, але вельмі аб’ёмныя», — тлумачыць дзяўчына.

Крамамі ў Круглянскім раёне цяпер займаецца жонка Аляксандра, але праз былыя праблемы яны знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Дзяўчына дапускае, што хутка яны могуць зачыніцца.

У тыктоку Анастасія пачала распавядаць пра бацьку — здымае ролікі пра яго прадпрымальніцкую дзейнасць, затрыманне, суд. Сам Аляксандр пра гэта не ведае, кажа яна.

@ans_kalinka У меня и моей семьи украли 6.5 лет жизни. СВОБОДУ Александру Калину и всем политзаключенным РБ. #свободуполитзаключеннымрб #свободуполитзаключенным ♬ оригинальный звук - Анастасия Александровна

З татам яны перапісваюцца рэгулярна, але пра праблемы і палітычныя моманты ніколі не размаўляюць. Яна ведае, што ў калоніі тата моцна хварэў на кавід, але расказалі ёй пра гэта сябры сям’і.

«Мы ніколі не пішам пра праблемы. Нават калі яны ў нас у любым выпадку былі: незнаёмая краіна, моўны бар’ер, усё наноў — з чыстага ліста. Куча стрэсаў». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула