«Чужы: Зямля» — крытыкі расхвальваюць новы серыял па культавай кінафраншызе. А што насамрэч?
46 гадоў прайшло з таго часу, як Сігурні Уівер перамагла іншапланетнага монстра ў культавым фільме «Чужы» ад Рыдлі Скота. І вось цяпер выйшаў серыял «Чужы: Зямля» (Alien: Earth), які не адстае па якасці ад таго шэдэўра.
Фота: кадр з трэйлера
Калі ў 1979-м Рыдлі Скот выпусціў першага «Чужога», той фільм здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю. Нам паказалі гісторыю з 22-га стагоддзя пра касмічны карабель Nostromo і яго экіпаж, які сутыкнуўся на ненаселенай планеце з монстрам. У цэнтры барацьбы з ім апынулася астранаўтка Элен Рыплі — топавая роля галівудскай легенды Сігурні Уівер.
«Чужы» і сам стаў легендай. Стужка нагадала: можна здымаць пра космас не толькі пазітыўныя гісторыі накшталт «Зорнага шляху», але і якасныя хорары. А Элен Рыплі ператварылася ў фемінісцкую ікону і паказала прыклад гераіні, моцнай і духам, і целам. Яе рысы адгадваюцца, напрыклад, у асобе Сары Конар («Тэрмінатар») і Трыніці («Матрыца»).
Але ж на адной стужцы гісторыя «Чужога» не скончылася. У яе працяг выйшлі тры фільмы, у тым ліку з буйнымі рэжысёрамі накшталт Джэймса Кэмерана і Дэвіда Фінчара, сам Скот зняў два прыквелы да арыгінальнага «Чужога». Апошні фільм у серыі на сёння — «Чужы: Ромул», што выйшаў у 2024-м.
І вось цяпер нам прэзентавалі першы серыял пра Чужога. У адрозненне ад мінулых стужак, цяпер гіганцкага чорнага іншапланецяніна не стрымліваюць сцены касмічнага карабля ці турмы або аддаленасць ад Зямлі.
Дзеянне адбываецца ў 2120-м. Карабель усемагутнай карпарацыі Prodigy вяртаецца з далёкага космаса пасля доўгай даследчыцкай місіі і церпіць крушэнне на Зямлі. Ён перавозіў некалькі іншапланетных відаў, і частка з іх трапляе на волю, у тым ліку і ксенаморф — той самы Чужы.
Сведкам падзеі робіцца Джо Херміт, медыцынскі супрацоўнік карпарацыі Prodigy. Яго сястра Марсі за некалькі гадоў да таго стала першым гібрыдам — розум хворай дзяўчынкі перанеслі ў дарослае штучна створанае цела.
Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера
Гэтае цела не мае эмоцый, затое мае памяць Марсі. Дзяўчыне моцна пракачалі геніяльнасць і робяць з яе суперчалавека, але ж яна не можа ўстрымацца ад сувязей з мінулым. Вендзі — так завуць новага гібрыда — пачынае сачыць за сваім братам з мінулага жыцця, а калі даведваецца, што ён апынуўся на месцы катастрофы, спяшаецца яму дапамагчы. Разам яны паўстаюць супраць Чужога.
Пакуль што выйшла толькі дзве серыі праекта з васьмі, але ўжо зразумела — серыял удаўся. Рэсурс Rotten Tomatoes, які ў тым ліку збірае інфармацыю пра рэцэнзіі на фільмы, адзначае, што ў «Чужога: Зямля» ажно 96% ухвалення крытыкамі — вось гэта вынік!
Тыя, хто сочыць за гісторыяй Чужога яшчэ з таго самага, культавага фільма 1979 года, адзначаць, што серыял захаваў шмат ад эстэтыкі першапачатковай стужкі. Хаця дзеянне і адбываецца амаль цалкам на Зямлі, але нам зноў пакажуць збольшага замкнёную прастору і змрочныя прамысловыя калідоры, ды яшчэ і дададуць туды сцэну катастрофы.
Свет, дзе жывуць гібрыды, іншы, гэта эстэтыка стылю хай-тэк. Гібрыды — увогуле ў нечым надзея чалавецтва, на думку карпарацыі Prodigy. Каб развіваць тэхналогію, яна звозіць на той самы востраў смяротна хворых дзяцей, і Вендзі, цяпер настаўніца будучых гібрыдаў, расказвае ім — з новым целам вы зможаце хадзіць, вы нарэшце будзеце здаровыя.
Фота: кадр з трэйлера
Але тых дзяцей чакае незайздроснае жыццё, бо яны абрываюць усе сувязі з роднымі і назаўжды застаюцца ў руках карпарацыі. Так некалі прагрэсіўная ідэя даць чалавеку бессмяротнае цела пераварочваецца, бо навошта вечнае жыццё, калі ўвесь гэты час ты будзеш нявольнікам карпарацыі?
Такое стаўленне да карпарацый у гэтай франшызе з'явілася яшчэ з першай стужкай. Тады, у канцы 70-х, ідэя «бяздушных карпарацый» яшчэ не была такой моднай, як сёння. І тым не менш касмічны карабель, з якога пачалася гісторыя франшызы, якраз належыць велізарнай кампаніі. Галоўнае для яе — выканаць мэту, а людзі — толькі расходны матэрыял.
У гэтым бачанні франшыза пра Чужога аказалася прароцкай. Паглядзіце — цяпер карпарацыі кантралююць вызначальныя праекты для будучыні чалавецтва. Гэта не толькі космас (кампаніі SpaceX і Blue Origin), але і, напрыклад, штучны інтэлект (OpenAI). Буйныя адкрыцці і вынаходніцтвы ў пэўным сэнсе ператвараюцца ў інструменты для таго, каб зарабляць грошы.
«Чужы: Зямля» — гэта яшчэ і спосаб паразважаць пра тое, што робіць нас людзьмі. Вендзі і яе гібрыды-паплечнікі не маюць таго камплекта гармонаў, які дазваляе нам адчуваць эмоцыі, але выглядаюць больш чалавечнымі ў параўнанні з негібрыднымі супрацоўнікамі карпарацыямі, адказнымі за іх існаванне.
«Чужы: Зямля» аказаўся відовішчным праектам з якаснай камп'ютарнай графікай і добрым сцэнарам, дзе ёсць месца і глыбіні, і саспенсу. Калі вы гатовыя да жанру хорара, што яшчэ трэба?
Чытайце таксама:
У заходнім кіно ўсё часцей згадваюць Беларусь. Ёсць цікавая гіпотэза, чаму адбываецца так
«Уэнсдэй» вярнулася! Ці не расчаруе другі сезон папулярнага серыяла ад Netflix?