БЕЛ Ł РУС

Дарадца Ціханоўскай расказаў пра іх камунікацыю з уладамі ЗША

15.08.2025 / 18:58

Nashaniva.com

Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пракаментаваў «Нашай Ніве» званок Трампа і Лукашэнкі, а таксама расказаў пра камунікацыю дэмсіл з амерыканцамі.

Кучынскі адзначыў, што Офіс Ціханоўскай падтрымлівае кантакт з Белым домам і Дзярждэпартаментам ЗША — «як да, так і пасля згаданага тэлефоннага званка».

«Падчас маёй сустрэчы ў Белым доме з дарадцам Трампа Бэйкерам мы падрабязна абмяркоўвалі стратэгію «пугi і перніка» ў адносінах да Лукашэнкі. Гэты падыход грунтуецца на простым прынцыпе: калі рэжым робіць крокі насустрач — вызваляе людзей, спыняе рэпрэсіі, — ён атрымлівае станоўчыя сігналы і палітычныя жэсты добрай волі. Мы ўжо назіралі прыклад такой палітыкі: візіт генерала Келага ў Мінск і яго фотаздымак з Лукашэнкам сталі выразным сігналам, пасля чаго былі вызвалены Сяргей Ціханоўскі і іншыя палітвязні».

Дарадца Ціханоўскай адзначыў, што яны вітаюць намаганні Трампа па вызваленні палітвязняў у Беларусі, спыненні рэпрэсій і аднаўленні справядлівасці ў Беларусі.

«Гэта гуманітарная місія найвышэйшага ўзроўню, якая мае мэту выратаваць жыцці невінаватых людзей.

Рэжым мусіць зрабіць канкрэтныя крокі: поўнасцю спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх невінаватых людзей з турмаў. Гэта можа стаць першым крокам на шляху да міру, свабоды і нацыянальнага прымірэння. Пакуль жа гэтага не адбудзецца, не павінна быць зменаў у палітыцы ў дачыненні да рэжыму.

У выпадку, калі Лукашэнка не прадэманструе гатоўнасці да гэтых крокаў, прэзідэнт ЗША можа перайсці да больш жорсткіх і рашучых мер.

Падобная сітуацыя ўжо мела месца ў адносінах да Пуціна: спачатку — спроба дамовіцца, але калі пасля размоваў Пуцін пачынае бамбіць Украіну яшчэ больш, былі скарыстаныя ўльтыматумы і захады да больш моцнага эканамічнага ціску».

Кучынскі дадаў, што падчас апошніх кантактаў амерыканскі бок асобна падкрэсліў важнасць правядзення ў Беларусі сістэмных зменаў і адкрыцця канструктыўнага дыялогу паміж рэжымам, грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула