Францужанка спрабавала ўвезці ў Беларусь амаль 600 грамаў золата без дэкларацыі
Інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску «Каменны Лог».
Фота: Мытны камітэт
Жанчына ехала на рэйсавым аўтобусе па маршруце Вільня — Гомель і выбрала для перасячэння мяжы зялёны калідор, тым самым пацвердзіўшы адсутнасць тавараў, што падлягаюць абавязковаму дэклараванню, паведаміў Мытны камітэт.
Але падчас агляду яе багажу гродзенскія мытнікі выявілі 50-грамовы злітак золата і 84 залатыя манеты розных наміналаў і гадоў выпуску, вырабленыя ў Францыі, Італіі і Швейцарыі. Агульная вага вырабаў склала амаль 600 грамаў.
Па даных мытні, спроба недэклараванага ўвозу золата магла прывесці да неаплаты пошлін на 50 тысяч рублёў. Матэрыялы па справе накіраваны для далейшага разбіральніцтва.