БЕЛ Ł РУС

Краіны Афрыкі патрабуюць адмовіцца ад праекцыі Меркатара

16.08.2025 / 17:25

Nashaniva.com

Афрыканскі Саюз падтрымаў кампанію, якая заклікае адмовіцца ад карыстання створанай у XVI стагоддзі праекцыяй Меркатара на карысць геаграфічных картаў, якія больш дакладна адлюстроўваюць памеры кантынентаў, піша Reuters.

Праекцыя Меркатара

Праекцыя Меркатара, распрацаваная ў свой час у інтарэсах навігацыі, істотна павялічвае тэрыторыі каля палюсоў і памяншае Афрыку і Паўднёвую Амерыку.

Намесніца старшыні адпаведнай камісіі Афрыканскага Саюза Сельма Маліка Хададзі заявіла, што такая карта нібыта стварае падманнае ўражанне адносна «маргінальнасці» Афрыкі, хоць яна — другі па велічыні кантынент з насельніцтвам звыш мільярда чалавек. Гэта, маўляў, уплывае на адукацыю, медыя і палітыку.

Кампанія Correct The Map, якую вядзе ініцыятыва Africa No Filter разам са Speak Up Africa, прапануе выкарыстоўваць праекцыю Equal Earth (створаную ў 2018 годзе), якая спрабуе адлюстраваць краіны ў рэальных памерах. Арганізатары сцвярджаюць, што перакрыўлены вобраз Афрыкі — гэта «найдаўжэйшая ў свеце кампанія па дэзынфармацыі».

Афрыканскі Саюз плануе дамагчыся, каб новая карта стала стандартам у афрыканскіх школах і каб яе выкарыстоўвалі міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН і Сусветны банк. Падобную падтрымку ініцыятыва атрымала і ў іншых рэгіёнах, напрыклад, у краінах Карыбскага басейна.

Хоць Google Maps у 2018 годзе адмовіўся ад праекцыі Меркатара на камп’ютарнай версіі на карысць 3D-глобуса, на мабільнай версіі яна ўсё яшчэ застаецца па змоўчанні.

Чытайце таксама:

Як нам хлусяць геаграфічныя карты

Марсіянскі метэарыт прадалі на аўкцыёне за вялікія грошы. Улады афрыканскай краіны пратэстуюць

У некалькіх краінах успышкі віруса Чыкунгунья. Што гэта такое і ці баяцца беларусам?

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал

Каментары да артыкула