БЕЛ Ł РУС

10-гадовая брытанка стала наймалодшай дзяўчынкай, якая перамагла шахматнага гросмайстра

16.08.2025 / 18:35

Nashaniva.com

Дзесяцігадовая дзяўчынка з Лондана Бадхана Сіванандэн стала наймаладзейшай шахматысткай, якая калі-небудзь перамагала гросмайстра. Яна атрымала другі па значнасці шахматны тытул — міжнароднага майстра, паведамляе CNN.

Бадхана Сіванандэн. Фота: x.com/FIDE_chess

Перамогу Бадхана атрымала ў фінале чэмпіянату Вялікабрытаніі, абыграўшы 60-гадовага Піта Уэлса. Паводле інфармацыі Міжнароднай федэрацыі шахмат, яна пабіла папярэдні рэкорд, пастаўлены амерыканкай Карысай Іп у 2019 годзе.

Летась дзяўчынка стала наймаладзейшай прадстаўніцай Англіі на міжнародных спаборніцтвах у любым відзе спорту, удзельнічаючы ў Шахматнай алімпіядзе ў Венгрыі.

Бацька Бадханы, Сіва, прызнаецца, што не ведае, адкуль у дачкі такі талент, бо ні ён сам, ні яе маці не ўмелі добра гуляць у шахматы. Дзяўчынка ўпершыню пачала гуляць падчас пандэміі COVID-19 у пяць гадоў, убачыўшы шахматную дошку ў торбе сябра бацькі.

Бадхана кажа, што шахматы дапамагаюць ёй добра сябе адчуваць і развіваць іншыя навыкі, напрыклад, матэматыку. Яна марыць дасягнуць найвышэйшага для шахматыстаў тытулу — гросмайстра.

Міжнародны майстар Малькальм Пэйн адзначае, што дзяўчынка сціплая, але яна выдатна грае ў шахматы і мае ўсе шанцы стаць гросмайстаркай або нават чэмпіёнкай свету сярод жанчын.

Чытайце таксама:

У Афганістане талібы забаранілі шахматы

Памёр былы чэмпіён свету па шахматах

Зарабіў дзясяткі тысяч даляраў, а яму толькі 18. Інтэрв'ю з маладой беларускай зоркай шахмат, які перамагаў Магнуса Карлсэна

Беларуская шахматыстка пераабулася чарговы раз — выступала за Расію, цяпер будзе за Аўстрыю

Міжнародная федэрацыя шахмат змякчыла патрабаванні да адзення на чэмпіянаце свету па бліцы

Шахматыста Магнуса Карлсэна дыскваліфікавалі на чэмпіянаце свету за вернасць джынсам

Чэмпіёнам свету па шахматах стаў 18-гадовы гросмайстар з Індыі

Каментары да артыкула