«Расія пагадзілася не захопліваць усю Украіну цалкам». Уіткаф заявіў пра прарыў у перамовах паміж ЗША і Расіяй
Спецпасланнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф заявіў, што ЗША і Расія дасягнулі дамоўленасцяў па гарантыях бяспекі для Украіны. Ён заявіў, што яны прарыўныя і змяняюць правілы гульні.
Стывен Уіткаф і Уладзімір Пуцін. Kremlin Press Office / Handout/Anadolu via Getty Images
Пра гэта ён расказаў у эфіры тэлеканала CNN.
Па яго словах, саступкі, на якія пагадзілася Расія, заключаюцца ў тым, каб «не захопліваць усю Украіну цалкам».
Уіткаф паведаміў, што цяпер усё залежыць ад Кіева. У панядзелак плануюцца перамовы амерыканскага прэзідэнта з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, дзе асобна абмяркуюць пытанне тэрыторый.
Уіткаф таксама заявіў, што Пуцін пагадзіўся заканадаўча замацаваць абавязацельства не пасягаць ні на якія іншыя тэрыторыі — ні ва Украіне, ні ў астатняй Еўропе. Гэта можа стаць часткай мірнага пагаднення, удакладніў ён.
«Мы дамовіліся аб сур’ёзных гарантыях бяспекі, якія я б ахарактарызаваў як тыя, што змяняюць правілы гульні. Мы не думалі, што акажамся настолькі блізка да пагаднення аб абароне паводле артыкула 5 з боку Злучаных Штатаў, заканадаўчым замацаванні ў Расійскай Федэрацыі абавязацельства не пасягаць на іншыя тэрыторыі пасля кадыфікацыі мірнага пагаднення, а таксама заканадаўчым замацаванні ў Расійскай Федэрацыі абавязацельства не нападаць на іншыя еўрапейскія краіны і не парушаць іх суверэнітэт. Так што мы прыйшлі да пагаднення, і гэта яшчэ не ўсё», — сказаў Уіткаф.
Амерыканскі спецпасланнік таксама выказаў надзею, што ўдасца арганізаваць трохбаковую сустрэчу Расіі, ЗША і Украіны. На пытанне, ці даў ужо Пуцін згоду на такі фармат, Уіткаф прама не адказаў.