БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Трэба спыніць агонь і працаваць над мірным пагадненнем. Канстытуцыя не дазваляе «гандляваць зямлёй» — здачы Данбаса не будзе

17.08.2025 / 17:10

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што першым крокам павінна стаць спыненне агню, пасля чаго неабходна пачаць працу над фінальным мірным пагадненнем. Ён таксама падкрэсліў, што Украіна працягвае курс на далучэнне да Еўрасаюза.

На сумеснай прэс-канферэнцыі ў Бруселі з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен Зяленскі агучыў сваю пазіцыю адносна прапаноў, агучаных Пуціным падчас перамоў з Дональдам Трампам. Паводле яго слоў, тэрытарыяльнае пытанне павінна абмяркоўвацца выключна паміж лідарамі Украіны і Расіі ў фармаце трохбаковай сустрэчы з удзелам ЗША.

«У Пуціна шмат патрабаванняў, і мы не ведаем усіх з іх. Калі іх сапраўды так шмат, як мы чулі, то спатрэбіцца шмат часу, каб разгледзець усе з іх, і гэта немагчыма зрабіць пад ціскам зброі. Мы будзем гаварыць пра гэта ў Вашынгтоне», — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што канстытуцыя Украіны робіць немагчымай здачу тэрыторый або «гандаль зямлёй». Ён адзначыў, што праца над фінальным пагадненнем павінна весціся хутка, аднак гэта магчыма толькі пасля поўнага спынення агню.

«Здачы Данбаса не будзе»

Акрамя таго, Зяленскі нагадаў, што Расія не дамаглася поспехаў у Данецкай вобласці: «За 12 гадоў Пуцін не змог яе захапіць».

Асобна Зяленскі падкрэсліў, што не збіраецца саступаць Расіі раёны Данецкай вобласці, якія не кантралююцца расійскімі войскамі. Ён нагадаў, што любое абмеркаванне тэрытарыяльных пытанняў можа адбывацца толькі паміж ім і Пуціным.

Калі ж перамоваў не адбудзецца, прэзідэнт Украіны прапанаваў увесці супраць Расіі новыя санкцыі.

«Нам патрэбныя рэальныя перамовы, а гэта азначае, што яны могуць пачацца з таго месца, дзе цяпер праходзіць лінія фронту. Лінія судакранання — найлепшы напрамак для перамоў, і еўрапейцы гэта падтрымліваюць, за што мы ўсім удзячныя», — сказаў Зяленскі.

Падтрымка ЗША і ЕС

Зяленскі таксама падзякаваў Дональду Трампу за гатоўнасць дамагчыся гарантый бяспекі для Украіны. Ён назваў гэта «важным зрухам» і дадаў, што цяпер галоўная задача для ЗША і Еўропы — дакладна вызначыць, у якім выглядзе гэтыя гарантыі будуць замацаваныя.

Урсула фон дэр Ляен, у сваю чаргу, заявіла, што вітае гарантыі бяспекі, якія ЗША прапануюць Украіне і якія «нагадваюць артыкул 5» (пра калектыўную абарону ў статуце НАТА). На думку кіраўніцы Еўракамісіі Украіна павінна стаць «стальным вожыкам, незасваяльным для патэнцыйных захопнікаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула