У праваслаўным храме Ніжняга Ноўгарада здымалі гей-порна. У ім маглі ўдзельнічаць семінарысты
У Ніжнім Ноўгарадзе разгарэўся скандал: у праваслаўным храме святых апостала Цімафея і мучаніцы Таццяны здымалі гей-порна. Царкоўныя ўлады і сілавікі абяцаюць знайсці і пакараць вінаватых. Ці былі сярод удзельнікаў здымак семінарысты, пакуль не вядома.
У расійскіх медыя шырока абмяркоўваецца выпадак здымак гей-парнаграфіі ў адным з праваслаўных храмаў Ніжняга Ноўгарада. Першыя звесткі пра відэа з’явіліся ў канале «Церковные Ведомости», які спецыялізуецца на інсайдах з царкоўнага асяроддзя. Пасля матэрыял падхапіў расійскі актывіст і стваральнік руху «Мужское государство» Уладзіслаў Пазнякоў, які выклаў скрыншоты відэа і заявіў, што поўны запіс перададзены ў ФСБ.
Паводле звестак ASTRA, відэа было выстаўлена на гей-парнасайце яшчэ год таму. Інтэр'ер у кадры нагадвае Храм святых апостала Цімафея і мучаніцы Таццяны.
У частцы гэтага будынка знаходзіцца праваслаўная гімназія.
У цяперашні час сілавікі спрабуюць знайсці ўдзельнікаў здымак. Пазнякоў сцвярджае, што сярод іх могуць быць навучэнцы духоўнай семінарыі.
Настаяцель храма, протаіерэй Аляксей Глотаў, у каментары каналу «Осторожно, новости» пацвердзіў аўтэнтычнасць відэа і заявіў, што яно было знята «даўно». Ён дадаў, што цяпер доступ у тую частку храма абмежаваны і там устаноўлены камеры назірання.
Прэс-сакратар Ніжагародскай мітраполіі Аляксей Пестрацоў пацвердзіў, што «ўсе ўдзельнікі відэа будуць устаноўлены і пакараныя». Паводле яго слоў, чакаецца завядзенне крымінальнай справы і правядзенне ўнутранага царкоўнага расследавання для высвятлення, як здымачная група атрымала доступ у храм.
Ён таксама заявіў: «Гомасексуалізм з’яўляецца грахом і з даўніх часоў асуджаецца Царквой. Удзельнікі відэа, арганізатары здымак, а таксама тыя, хто атрымаў з гэтага выгаду, прадэманстравалі глыбокае маральнае падзенне».