БЕЛ Ł РУС

Зумеры адмаўляюцца ад Spotify і пераходзяць на старыя MP3-плэеры

19.08.2025 / 11:34

Nashaniva.com

Новае пакаленне не хоча траціць грошы на платную падпіску для музыкі і выбірае замест гэтага старыя прайгравальнікі, піша Daily Mail.

MP3-плэер. Фота: rozetka.com.ua

Зумеры тлумачаць пераход на рэтра-гаджэты цэнамі на падпіску ў сучасных музычных сэрвісах. У Брытаніі адна прылада за £20 здаецца ім больш выгоднай, чым гадавая падпіска за £145.

Маладзёны здымаюць пра гэта ролікі ў тыкток — вяртанне да старых практык стала сапраўдным трэндам.

MP3-плэеры з'явіліся ў 90-х гадах і набіралі папулярнасць на працягу 2000-х. Са з'яўленнем мабільных тэлефонаў гэта тэндэнцыя змянілася і папулярнай стала платная падпіска. Але цяпер маладому пакаленню гэта не падабаецца.

Адна з дзяўчын, што перайшла на плэеры, сказала ў роліку:

«Я не магу быць адзінай, хто не хоча аплачваць падпіску на Spotify Premium. Мне было нялёгка з гэтай рэкламай, але ведаеце што? З мяне хопіць.

Я купіла сабе MP3-плэер з аб'ёмам памяці да 64 ГБ. Я магу размясціць тут 12 000 песень, з неабмежаванай колькасцю праслухоўванняў, я магу выбраць песню, якую хачу паслухаць на гэтай маленькай прыладзе, і я не плачу 100 даляраў у год. Дзякуй».

Яе пост сабраў больш за 11 тысяч лайкаў, а ў каментарыях карыстальнікі пачалі дзяліцца ўспамінамі пра тое, як некалі запісвалі дыскі і абменьваліся плэйлістамі афлайн.

Некаторыя карыстальнікі адзначаюць, што гаджэты дапамагаюць ім не толькі сэканоміць грошы, але і сысці ад надакучлівых алгарытмаў Spotify.

Гэта адбываецца на фоне моды на іншыя фізічныя носьбіты з музыкай. У 2023 годзе продажы вінілу ў Вялікабрытаніі дасягнулі рэкорду за апошнія 33 гады, CD і касеты таксама набіраюць абароты. Эксперты кажуць пра «стомленасць ад стрымінгу»: музыка ўсё часцей падаецца як алгарытмічна вывераны фон, а слухачы шукаюць адчуванне кантролю і «фізічнага валодання» сваёй калекцыяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула