У Варшаве амаль удвая вырасла колькасць злачынстваў на нацыянальнай глебе
У Варшаве за першыя шэсць месяцаў 2025 года колькасць злачынстваў на глебе нацыянальнай, расавай, рэлігійнай нецярпімасці і ксенафобіі вырасла на 84% у параўнанні з тым жа перыядам 2024 года, са спасылкаю на газету Wyborcza піша MOST.
У папярэднія гады статыстыка такіх злачынстваў была стабільнай. У 2023 годзе паліцыя Варшавы атрымала 128 заяў аб злачынствах на глебе нянавісці, з якіх у 96 выпадках было ўстаноўлена, што закон сапраўды быў парушаны. У 2024 годзе было прынята 126 заяў аб такіх злачынствах, з якіх 90 прызналі абгрунтаванымі.
Аднак ужо за шэсць месяцаў 2025 года паліцыя атрымала 104 паведамленні аб злачынствах на глебе нянавісці, у 78 выпадках склад злачынства пацвердзіўся. Гэта на 84% больш у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.
Эксперты выдання адзначаюць, што не пра ўсе злачынствы на нацыянальнай глебе паведамляюць у паліцыю — звычайна гэта адбываецца, калі справа даходзіць да гвалту. А рост агрэсіі падсілкоўваецца антыімігранцкай рыторыкай, што ўзмацнілася падчас выбарчай кампаніі. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што фармальна палітычныя сілы выступаюць супраць нелегальнай міграцыі, агрэсараў не цікавіць, знаходзіцца чалавек у Польшчы легальна ці не.