БЕЛ Ł РУС

Пад Мінскам камунальнікі забілі сабаку і з'ехалі. У ЖКГ ва ўсім абвінавацілі «канапных крытыкаў»

19.08.2025 / 13:39

Nashaniva.com

На станцыі ў Пятрышках двое мужчын са спецмашыны стрэлілі ў сабаку. Сабака памер, людзі былі абураны, але камунальнікі кажуць, што яны не вінаватыя.

Фота з Treads

Сумную гісторыю гібелі сабакі распавёў у Treads відавочца. Паводле яго слоў, двое мужчын прыехалі на спецаўтамабілі на чыгуначную станцыю, стрэлілі ў сабаку і з’ехалі. Пёс у выніку памёр.

«Проста прыехала гэта машына з фота з двума людзьмі, воплеск /стрэл, віск сабакі. Яна адышла метраў 70-100, 5-10 хвілін сутаргі, мача лілася. Яе яшчэ жывую павезлі ў ветклініку, але літаральна адразу яна памерла», — распавёў відавочца.

Паводле слоў аўтара паста, на пытанне, «што вы робіце, навошта стрэлілі ў сабаку?», невядомыя мужчыны сказалі, што нічога не рабілі і хутка з’ехалі.

Пост з фатаграфіяй забітай сабакі выклікаў хвалю абураных каментарыяў. Разабрацца ў сітуацыі вырашыла дзяржаўная газета «Прысталічча». Праўда, ужо з самага пачатку раённыя прапагандысты занялі адзін канкрэтны бок — камунальнікаў. Тых, хто абурыўся такім стаўленнем да жывёлы, аўтар матэрыялу назваў «дываннымі валанцёрамі».

У ЖКГ распавялі сваю версію. Яны кажуць, што заяўку на адлоў бяздомных сабак пакінулі мясцовыя жыхары. Яны паскардзіліся і ў міліцыю, сілавікі гэтую заяўку таксама адправілі камунальнікам.

Машына, на якой прыехалі камунальнікі. Фота з Treads

Адловам безгаспадарчых жывёл у Мінскім раёне займаецца арганізацыя «Жылішчнік Міншчыны». Намеснік дырэктара прадпрыемства Вера Мацкевіч распавяла, што заявак паступае шмат. У тым ліку з Пятрышак.

Па версіі Мацкевіч, скандальная сітуацыя адбылася так: спецыялісты выехалі па заяўцы на чыгуначную станцыю, стрэлілі ў сабаку седатыўным, але потым з кута выбеглі жыхары вёскі.

«Пачалі абурацца працай нашых спецыялістаў і не далі забраць сабаку. А потым сабаку перанеслі на тэрыторыю прыватнага дома, куды ўжо патрапіць нашы спецыялісты не могуць», — заявіла Мацкевіч.

Судзячы па ўсім, мясцовыя жыхары накрылі забітага пса мяшком і падпісалі: «Труп сабакі не чапаць».

Камунальнікі запэўніваюць, што не выкарыстоўваюць яды пры адлове сабак. Яны страляюць седатыўным прэпаратам. Мацкевіч лічыць, што сабака ў Пятрышках памёр праз праблемы са здароўем.

«Мы выкарыстоўваем седатыўны сродак, а не яды. Але калі здароўе ў жывёлы слабае, часам здараецца непрадбачанае. Візуальна ж не вызначыш, у якім стане сэрца ў ката ці сабакі… Бывалі і лятальныя вынікі, але гэта вялікая рэдкасць», — кажа намесніца дырэктара.

Жывёлу, якая не можа рухацца,, як сцвярджае Мацкевіч, адвозяць у пункт часовага ўтрымання. Камунальніца назвала людзей, якія абураліся, «дываннымі крытыкамі» і прапанавала ім з'ездзіць у прытулак і дапамагчы жывёлам.

«Ужо там сабакі і каты чакаюць свайго часу, калі яны патрапяць у любячую сям’ю. І так, шанцуе далёка не ўсім. Таму дыванным крытыкам раю не пісаць гнеўныя каментарыі, якія ніяк не вырашаюць сітуацыю, а купіць пару пакаў корму і з’ездзіць на Гурскага (пункт часовага ўтрымання безгаспадарчых жывёл. — Прим.)», — заявіла Мацкевіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула