БЕЛ Ł РУС

«Набірала ваду з унітазнага бачка для гатавання, мыцця». Ганна Бонд шчыра расказала пра цяжкае дзяцінства

19.08.2025 / 21:10

Nashaniva.com

Апошні час беларуская блогерка Ганна Бонд даглядае цяжкахворую маці. Яна не хавае, што адносіны ў іх заўжды былі складаныя. Цяпер Ганна агучыла прычыны.

Ганна Бонд. Тут і далей скрыншоты яе інстаграма

У сторыс у інстаграме жанчына падзялілася дзіцячымі ўспамінамі. Яна распавяла, што маці па-зверску збівала яе ў дзяцінстве — скакалкай, сабачым павадком, вешалкамі — да чорных палос на нагах.

— Ненавіджу! Я паспела ёй усё выказаць літаральна за апошнія гады. «Значыць, заслужыла», — адказала яна.

Ганна кажа, што зусім не памятае прагулак у парку з маці, паходаў у кіно ці тэатр. Нават дні нараджэння Ганны ніколі не святкавалі.

— Было спытала ў маці: «А чаму вы ніколі не святкавалі дні нараджэння дзяцей?». Яна адказала: «Дык я і свае не святкавала».

Ганна Бонд у 14 гадоў

У нейкі момант маці Ганны сышла жыць да іншага мужчыны. Дзеці — у тым ліку і Ганна — былі яшчэ не вельмі дарослымі. Іх родны бацька меў вялікія праблемы з алкаголем, таму дзецям прыходзілася самастойна выжываць.

— Напрыклад, калі адключылі святло і ваду за даўгі па камуналцы, то я набірала ваду з унітазнага бачка для гатавання, мыцця. Бо па законе санітарны сцёк не адключалі ад вады. Гэта маё дзяцінства. Адна з сотняў гісторый выжывання. Мне няма за што дзякаваць сваім бацькам. Мой характар і будучыню я рабіла сама.

Па словах Ганны, маці жыла зусім побач са сваімі дзецьмі — праз некалькі дамоў. І ў яе дома заўсёды была ежа — у той час як дзеці жанчыны галадалі. Блогерка згадвае, як лазіла праз акно на першым паверсе ў тую кватэру, каб з'есці нешта ў халадзільніку, пакуль мамы і яе мужчыны не было дома.

— Цяпер, калі я праходжу гэтае месца, я называю яго «акно жыцця».

Каханне маці Ганны скончылася нешчасліва: у маі 2020 года ў жанчыны здарыўся інсульт, стан яе быў даволі складаны. Каханак, з якім яна пражыла больш за 30 гадоў, не захацеў займацца цяжкахворай. Ён проста пазваніў дачцэ і сказаў: «Забірайце сваю маці».

З таго часу пра яе клапоціцца Ганна, а той мужчына нават не наведвае. Блогерка кажа, што шмат гадоў ратавала ўсіх у сям’і. Але больш не хоча, бо не мае сіл і стала шмат хварэць.

— У бальніцы мяне наведвалі толькі мае сябры. Яны ж цяпер атачылі мяне цяплом і клопатам. Выратаваць тапельцаў можна толькі раз, інакш самі пойдзеце пад ваду.

Чытайце таксама:

Ганна Бонд крытыкуе, дэпутатка Мірончык-Іванова спявае пра «крошку»: у Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт «Руки вверх»

«Доўга збіралася з думкамі, каб уджаліцца гэтай штукай»: Ганна Бонд пачала калоць «Азэмпік». Але не каб пахудзець

«Самае жудаснае віншаванне за ўвесь час!» Ганна Бонд у шаленстве ад навагодняй рассылкі банка

Каментары да артыкула