У Мінску прадаюць легендарны заамагазін
Сталічны заамагазін «Прырода» на праспекце Незалежнасці, 89, выстаўлены на продаж, піша Office Life.
Фота: «Яндэкс Карты»
Магазін працуе з 1994 года, то бок больш за 30 гадоў. У аб’яве яго называюць «знакавым месцам з гісторыяй і сталым патокам кліентаў».
Агульная плошча памяшкання — 398,5 кв. м. Магазін размешчаны на першым паверсе жылога дома, але ўваход асобны — з праспекта.
За яго просяць каля 74,5 тыс. рублёў, або $25 тыс.
Асобная ўвага надаецца вітрынам крамы. Як адзначаецца ў аб’яве, амаль усе шкляныя паверхні заняты рэкламнымі банерамі ад вядомых брэндаў заатавараў. У выніку рэкламная плошча не патрабуе ўкладанняў з боку ўласніка — наадварот, кампаніі-брэнды самі вырабляюць друк, мантаж і абнаўленне сваіх матэрыялаў на партнёрскіх умовах.
Памяшканне падыходзіць як для захавання фармату, так і для маштабавання пад франшызу, клініку, маркет або шматфункцыянальны цэнтр.
Паведамляецца, што бізнес цалкам гатовы да перадачы: супрацоўнікі, таварныя рэшткі, база пастаянных кліентаў, лагістыка з праверанымі пастаўшчыкамі. Магчымы таксама пераход арэнды або абмеркаванне продажу з памяшканнем (па асобным пагадненні).