У Краснадары проста на маршруце згарэў беларускі трамвай. «Белкамунмаш» папрасіў прабачэння
У трамвая на прыпынку загарэўся дах.
Фота: тэлеканал «Краснадар»
Беларускі трамвай ад «БКМ Холдынг» згарэў у Краснадары. Дах трамвая загарэўся раніцай 21 жніўня, калі ён стаяў на прыпынку.
Пачаўся даволі моцны пажар, дах трамвая амаль цалкам выгараў. Неўзабаве на месца прыехалі ратавальнікі і за некалькі хвілін патушылі полымя, піша мясцовае МНС.
У выніку пажару ніхто не пацярпеў, людзі паспелі выбегчы з вагонаў. Але рух трамваяў у гэтым раёне быў паралізаваны. Папярэднія даныя сведчаць, што вагон загарэўся з-за кароткага замыкання.
Фота: прэс-служба краснадарскай паліцыі
На здарэнне з трамваем адрэагаваў і вытворца. На месца адправілі спецыялістаў з сэрвіснага цэнтра, якія павінны былі разабрацца, чаму трамвай загарэўся.
Фота: 93.ru
«БКМ Холдынг» прыносіць прабачэнні пасажырам за прычыненыя нязручнасці і прыме прадуктыўныя меры для прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
Улады Краснадара да канца 2024 года збіраліся набыць 90 такіх трамваяў ад «Белкамунмаша». Аднак пакуль да горада даехалі толькі 20 саставаў.
Трамваі «Белкамунмаша», падобна аўтобусам МАЗ, гараць у Расіі не ўпершыню. Некалькі такіх інцыдэнтаў здаралася ў Казані і Санкт-Пецярбургу.