БЕЛ Ł РУС

Два гады таму ЗША прыслалі самалёт і забралі ў дыктатара Нікарагуа 222 палітвязняў. Што з імі адбывалася далей?

23.08.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Гэта была не амністыя і не вызваленне, а дэпартацыя з пазбаўленнем грамадзянства. Шэсць краін прапанавалі выгнаннікам абарону або грамадзянства. Але сітуацыя ўнутры Нікарагуа анітрохі не палепшала. І паказальна тое, што зрабілі з біскупам, які ад дэпартацыі адмовіўся.

Вызваленыя нікарагуанскія палітвязні прыбываюць у гатэль у Шанцільі, штат Вірджынія (ЗША). 9 лютага 2023 г. Фота: AP Photo / Jose Luis Magana

Раніцай 9 лютага 2023 года 222 палітычных зняволеных, сярод якіх сем былых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2021 года, журналісты, лідары студэнцкага руху падчас пратэстаў 2018 года і праваабаронцы, пасадзілі ў аўтобусы і павезлі ў аэрапорт сталіцы Нікарагуа Манагуа, дзе іх ужо чакаў самалёт, зафрахтаваны ўрадам ЗША. Большасць нават не ведала, што адбываецца. Іх проста паставілі перад фактам.

Урад прэзідэнта Артэгі назваў гэта «аднабаковым рашэннем аб дэпартацыі здраднікаў радзімы». 

На наступны дзень пасля рэйса кішэнны парламент Нікарагуа ў экстранным парадку прыняў закон, які дазволіў пазбаўляць грамадзянства асоб, прызнаных «здраднікамі».

Усіх 222 пасажыраў гэтага рэйса, а пазней — яшчэ 94 дысідэнтаў у выгнанні, пазбавілі не толькі пашпартоў, але і ўсіх грамадзянскіх правоў і маёмасці на радзіме. Яны сталі апатрыдамі — людзьмі без грамадзянства.

Чалавек, які сказаў «не»

Але на борт падняліся не ўсе. Адзін чалавек, біскуп горада Матагальпа Раланда Альварэс, катэгарычна адмовіўся пакідаць краіну. Ён быў адным з самых гучных і паслядоўных крытыкаў рэжыму Артэгі.

Адрозненне яго сітуацыі ад астатніх было ў тым, што ён не быў у турме, а пад хатнім арыштам у рэзідэнцыі ў Манагуа. Калі ўлады прыйшлі забраць яго, каб павезці разам з астатнімі, ён адкрыта заявіў, што не пакіне краіны, бо хоча заставацца са сваімі вернікамі. У выніку яго не сталі сілай садзіць у самалёт. Магчыма, дыктатар Артэга не хацеў псаваць адносіны з Ватыканам.

Раланда Альварэс. Фота: Moises Castillo / AP

Яго адмова пацягнула за сабой імгненную і паказальна жорсткую рэакцыю ўладаў. Ужо на наступны дзень біскуп Альварэс быў абвешчаны здраднікам, пазбаўлены грамадзянства і асуджаны на 26 гадоў зняволення.

Амаль год біскуп заставаўся самым вядомым палітвязнем краіны. Пад ціскам Ватыкана і міжнароднай супольнасці ў студзені 2024 года рэжым Артэгі выслаў Альварэса — але не ў ЗША, а ў Ватыкан. Разам з ім адправілі яшчэ 15 святароў і двух семінарыстаў у Ватыкан. Яны таксама былі пазбаўленыя грамадзянства.

Чым займаюцца апазіцыянеры ў выгнанні

Высланыя ў ЗША 222 палітзняволеныя атрымалі спецыяльны юрыдычны статус — так званы «гуманітарны пароль» на два гады. Гэта не віза і не статус бежанца, а экстранны дазвол на ўезд і знаходжанне ў краіне, які дазволіў ім легальна жыць і, што самае важнае, атрымаць права на працу.

Юрыдычны статус выгнаннікаў атрымаў канчатковае вырашэнне ў снежні 2023 года, калі Кангрэс ЗША прыняў асобны закон. Ён даў 222 былым палітвязням права падаць заяву на атрыманне статусу пастаяннага рэзідэнта (грын-карты), абыходзячы стандартную і вельмі працяглую працэдуру атрымання палітычнага прытулку.

Каб вырашыць праблему безграмадзянства, створаную рэжымам Артэгі, Аргенціна, Чылі, Калумбія, Мексіка і Іспанія прапанавалі абарону або грамадзянства ўсім высланым. Некаторыя скарысталіся гэтай прапановай.

Пасля высылкі былыя палітвязні не спынілі сваю грамадска-палітычную дзейнасць, а прадоўжылі яе з-за мяжы, выкарыстоўваючы новыя магчымасці для звароту да міжнароднай супольнасці.

Найбольш заўважнымі на міжнароднай арэне сталі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Фелікс Марадзьяга, Хуан Себасцьян Чамора, Крысціяна Чамора Барыяс і Медарда Майрэна. Яны актыўна ўдзельнічаюць у канферэнцыях, працуюць з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і аналітычнымі цэнтрамі, каб падтрымліваць увагу да сітуацыі ў Нікарагуа.

Фелікс Марадзьяга і Хуан Себасцьян Чамора даюць паказанні перад Падкамітэтам па замежных справах ЗША. Фота: EFE via divergentes.com

Журналісты з закрытага ўладамі тэлеканала Canal 15 (100% Noticias), сярод іх кандыдат у прэзідэнты Мігель Мора, аднавілі прафесійную дзейнасць у эміграцыі.

Аднак асабістыя амбіцыі і старыя ідэалагічныя рознагалоссі, якія існавалі яшчэ да арыштаў, не зніклі і ў эміграцыі. У выніку спробы стварыць адзіны фронт разбіваюцца аб унутраныя спрэчкі, што значна зніжае эфектыўнасць іх намаганняў.

«Міжнародная супольнасць страціла веру ў нікарагуанскую апазіцыю. За шэсць гадоў ім не ўдалося сфармуляваць выразны блок супраць дыктатуры, і, што яшчэ трывожна, ім не ўдалося зарэкамендаваць сябе ў якасці альтэрнатывы для нікарагуанцаў», —

пісала інтэрнэт-выданне Divergentes.com у 2024 годзе са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

Як змяніліся адносіны Артэгі і ЗША

Высылка 222 вязняў была аднабаковым крокам Артэгі, які ЗША назвалі «канструктыўным», але гэта не прывяло да нармалізацыі адносін.

Аналітыкі лічаць, што мэтай Артэгі было не палепшыць адносіны, а пазбавіцца ад самых уплывовых апанентаў, абезгаловіць апазіцыю ўнутры краіны і знізіць выдаткі на ўтрыманне вядомых вязняў.

ЗША і ЕС прадоўжылі палітыку санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму Артэгі за парушэнні правоў чалавека і няздольнасць спыніць кантрабанду мігрантаў. У сваю чаргу Артэга прадоўжыў рэпрэсіі. Так, у снежні 2023 года былі арыштаваныя 11 пастараў, якіх прызналі вінаватымі ў адмыванні грошай і асудзілі на тэрміны ад 12 да 15 гадоў зняволення, а таксама прысудзілі штраф на агульную суму амаль $1 мільярд.

Аднак у верасні 2024 года, пасля перамоваў з ЗША, гэтыя святары апынуліся на волі чарговай групы вызваленых — яшчэ 135 палітзняволеных вывезлі ў Гватэмалу. Там ім далі права падаць заяву на атрыманне адпаведнага прававога статусу ў ЗША. Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША заявіў, што ніякай кампенсацыі наўзамен урад Артэгі не атрымаў.

Даніэль Артэга. Фота: AP Photo / Cristian Hernandez

На сёння абедзве краіны маюць свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы, але на ўзроўні часовых павераных.

Паводле інфармацыі Amnesty International, за 2024 год у Нікарагуа палітзняволенымі быў прызнаны 151 чалавек. Да канца года 45 з іх заставаліся пад вартай.

Усяго з 2023 года грамадзянства былі пазбаўлены 452 нікарагуанцы.

У ліпені 2025 года Артэга выступіў з прамовай, у якой заклікаў сваіх прыхільнікаў шпіёніць за суседзямі, «каб не засталося месца для тэрарыстаў, змоўшчыкаў і здраднікаў, бо яны будуць ведаць: як толькі іх выкрыюць, іх затрымаюць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці».

Нікарагуа разам з Паўночнай Карэяй і Беларуссю было ў 2022 годзе адной са жменькі краін, якія падтрымалі ўварванне Расіі ва Украіну. І цяпер Манагуа застаецца на тых самых пазіцыях.

Чытайце таксама:

У Нікарагуа біскупа асудзілі на 26 гадоў. Ён адмовіўся быць дэпартаваным з краіны 

Даніэль Артэга, вяртанне сандзініста

Каментары да артыкула