БЕЛ Ł РУС

Украіна параіла беларускай арміі падчас вучэнняў не набліжацца да мяжы

23.08.2025 / 7:40

Nashaniva.com

Афіцыйны Мінск перасцерагаюць ад неабдуманых правакацый.

Міністэрства замежных спраў Украіны апублікавала заяву з нагоды вайсковых вучэнняў, якія хутка пройдуць у Беларусі. Гэта вучэнні АДКБ «Узаемадзеянне-2025», «Пошук-2025», «Эшалон-2025» і сумесныя з Расіяй вучэнні «Захад-2025».

Украіна падкрэслівае, што з 2022 года Беларусь з'яўляецца саўдзельніцай Расіі ў ваеннай агрэсіі.

«Мінск прадаставіў расійскім акупантам тэрыторыю Беларусі і яе паветраную прастору для нападу на нашу дзяржаву, а таксама працягвае палітычную, вайсковую, вайскова-тэхнічную, інфармацыйную і іншыя віды падтрымкі Расіі ў яе несправакаванай і злачыннай захопніцкай вайне супраць Украіны.

Супрацоўніцтва рэжымаў у Маскве і Мінску ўяўляе непасрэдную пагрозу не толькі для Украіны, але і для Польшчы, дзяржаў Балтыі і ўсёй Еўропы, а таксама перашкаджае мірным намаганням прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па спыненні вайны», — пішацца ў заяве.

Паколькі перад нападам на Украіну ў 2022-м назапашванне расійскіх войскаў на мяжы адбывалася пад прыкрыццём сумесных вайсковых вучэнняў, то цяпер Украіна перасцерагае Мінск ад неабдуманых правакацый.

«Раім захоўваць разважлівасць, не набліжацца да межаў і не правакаваць сілы абароны Украіны.

Падкрэсліваем, што Украіна ніколі не складала і не будзе ўяўляць пагрозы для беларускага народа, з якім мы імкнёмся жыць у міры, маем агульнае мінулае, якое ўзыходзіць да княжацкай эпохі і Вялікага Княства Літоўскага, і будучыню — у Еўрапейскай сям'і народаў», — заяўляе МЗС Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула