БЕЛ Ł РУС

Раку ў Белавежскай пушчы павярнулі ў рэчышча XIX стагоддзя

23.08.2025 / 20:35

Nashaniva.com

Працы па змене ракі пачалі ў чэрвені і скончылі 15 жніўня, паведаміў навуковы аддзел Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Інфармацыю пра гэта заўважыў тэлеграм-канал «De Facto. Беларуская навука».

Нараўка цяпер. Выява: npbp.by

Раку Нараўка ў Белавежскай пушчы вярнулі ў рэчышча XIX стагоддзя, каб вырашыць адну праблему.

Рэч у тым, што ў канцы XIX стагоддзя рэчышча ракі змянілі пад патрэбы лесанарыхтоўшчыкаў — Нараўка стала нагадваць прамы канал. 

Так па ёй можна было сплаўляць таварную драўніну да Балтыйскага мора: хвоя з Белавежскай пушчы лічылася адной з лепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамізны, трываласці і лёгкасці.

Выгляд прачышчанага рэчышча ракі Нараўка 60 гадоў таму. Выява: npbp.by

У выніку гэтага рашэння, а таксама меліярацыі на прылеглай тэрыторыі, узровень вады знізіўся на 1,5 метра, экасістэма парушылася, зніклі звыклыя ўмовы для рэдкіх птушак і жывёл, усыхаў рэліктавы лес.

Ідэя аднаўлення рэчышча ракі Нараўка ўзнікла больш за 10 гадоў таму. Аднак тады, паводле папярэдніх ацэнак, мерапрыемства ацэньвалася занадта дорага. У той перыяд ад гэтай ідэі адмовіліся, але не забыліся.

У план кіравання Нацыянальным паркам на 2021-2030 гадоў было ўключана мерапрыемства па аднаўленні парушаных рэк Белавежскай пушчы.

Абгрунтаванне для вяртання ракі ў старое рэчышча падрыхтавалі навукоўцы з Нацпарка «Белавежская пушча» і Інстытута эксперыментальнай батанікі. Даўжыня ракі Нараўка ў Беларусі і Польшчы складае 61 км, на тэрыторыі нашай краіны — 21,7 км.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула