БЕЛ Ł РУС

Вуліцы Віленскія: чаму іх не было на Палессі і Падзвінні, але былі пад Оршай?

26.08.2025 / 8:0

Ф. Раўбіч

Гісторык Мікола Волкаў апублікаваў карту гарадоў і мястэчак Вялікага Княства Літоўскага, у якіх у XVI—XVIII стагоддзях існавалі вуліцы Віленскія.

Віленская вуліца ў Лідзе на паштоўцы пачатку XX стагоддзя

Яго даследаванне паказала выразную геаграфічную заканамернасць: гэтыя урбанонімы сканцэнтраваныя ў заходняй і цэнтральнай частцы дзяржавы і абрываюцца на мерыдыянальнай лініі Глыбокае — Гайна — Менск — Слуцк. На ўсход ад гэтай лініі вуліцы з такой назвай не сустракаюцца, за выключэннем выпадкаў у Аршанскім павеце: Магілёў, Бялынічы, Круглае, Талачын, Барань, Смальяны.

Як сцвярджае Волкаў, наяўнасць у гэтым рэгіёне, так званых Друцкіх палях, Віленскіх вуліц сведчыць пра цесную сувязь і гандаль у кірунку сталіцы ВКЛ. Праўда, многія вуліцы з такой назвай там з'яўляюцца толькі ў XVIII стагоддзі, як, напрыклад, у самім Магілёве.

Чырвоным — гарады і мястэчкі, у якіх дакументальна зафіксаваныя Віленскія вуліцы ў XVI—XVIII стагоддзях. Фота: фэйсбук Міколы Волкава

На Падзвінні, у Полацку ці Віцебску, сітуацыя выглядала інакш: хоць дарогі на Вільню існавалі, галоўную ролю выконвала Дзвіна, якая вяла ў Рыгу, таму, на думку Волкава, вуліцы з назвай Віленская там не з'явіліся. Падобнае назіраецца і на Палессі, дзе Прыпяць была галоўнай артэрыяй для гандлю і камунікацыі.

Цікава, што ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах Менскага ваяводства, якія размяшчаліся бліжэй да такога буйнога цэнтра, як Кіеў, а не да Вільні, не зафіксавана ніводнай Кіеўскай вуліцы ў XVI—XVIII стагоддзях.

Толькі пасля далучэння да Расійскай імперыі ў ХІХ стагоддзі сітуацыя змянілася: у Пінску, напрыклад, з’яўляюцца вуліцы Кіеўская, Маскоўская, Пецярбургская, у Гомелі — Кіеўскі спуск, у Брэсце — прадмесце Кіеўка, каля чыгункі на Кіеў. 

Характэрна, што і ў Жамойці амаль няма Віленскіх вуліц, што сведчыць пра іншую арыентацыю гаспадарчых сувязяў: не на Вільню, а на Рыгу, Мемель ці Каралявец. 

На думку літоўскага гісторыка Айваса Рагаўскаса, феномен Віленскіх вуліц трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце: гэта звязана не толькі з гандлёвымі шляхамі, але і з «гінтэрландам Вільні» — сферай яе ўплыву, дзе адлюстроўваліся маршруты міграцыі людзей, арганізацыя гандлю, а таксама нават структура царкоўнай сеткі, бо Вільня была цэнтрам біскупства. 

З дзясяткаў Віленскіх вуліц, якія існавалі ў Беларусі ў пачатку XX стагоддзя, у наш час засталіся лічаныя адзінкі. Большасць такіх вуліц былі перайменаваныя ў адпаведнасці з савецкай ідэалогіяй.

Чытайце таксама:

Здавалася, гэта канец, але гэта стала пачаткам шляху да свабоднай Беларусі. Якім было самае недаацэненае паўстанне ў беларускай гісторыі

Мікалай I забараніў ужываць назвы Літва і Беларусь? Гэта савецкі міф

Згарэў шэдэўр народнай архітэктуры Палесся — царква ў Сцяпанках. Яна засталася на фотах «Нашай Нівы»

Як разгул прыроды вярнуў целы Барбары Радзівіл і вялікага князя Аляксандра і чаму таямніцу знікнення іхніх рэгалій змаглі раскрыць толькі цяпер

У Вільні будуць шукаць магілу Вітаўта. Пошукі, якія праводзіліся стагоддзе таму, прывялі да вялікіх адкрыццяў, але мэты не дасягнулі

Каментары да артыкула