Прэзідэнт Польшчы наклаў вета на папраўку да закона аб дапамозе грамадзянам Украіны
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі наклаў вета на папраўку да закона аб дапамозе грамадзянам Украіны. Ён падкрэсліў, што Польшча застаецца адкрытай для падтрымкі Украіны і працягвае бачыць сваёй стратэгічнай мэтай дапамогу ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Аднак, на яго думку, сацыяльныя выплаты ў ранейшым памеры павінны атрымліваць толькі тыя ўкраінскія бацькі, якія працуюць.
Караль Наўроцкі. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images
«Мы застаемся адкрытымі для аказання дапамогі грамадзянам Украіны; гэта застаецца нязменным. Стратэгічная мэта польскай дзяржавы перад абліччам нападу Расіі на Украіну таксама застаецца нязменнай — інтарэс Польшчы палягае ў вайсковай падтрымцы Украіны ў гэтым канфлікце. Расія з'яўляецца вінаватай, а Украіна — ахвярай гэтай вайны.
Але пасля 3,5 гадоў наш закон павінен быць выпраўлены. Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны не ўносіць карэктыў, якія былі прадметам публічнага абмеркавання, адносна таго, што дапамога 800+ павінна быць аказаная ўкраінцам, якія выконваюць абавязковую працу», — сказаў Наўроцкі, якога цытуе яго прэс-служба.
Згодна з дзейным заканадаўствам, украінскія бежанцы ў Польшчы маюць права на штомесячную дапамогу ў памеры каля 800 злотых (каля 180 еўра) на дзіця, а таксама дадатковыя выплаты на другое і наступнае дзіця. Закон, ухвалены цяперашняй урадавай кааліцыяй, прадугледжваў працяг гэтых выплат да сакавіка 2026 года.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і яго каманда раскрытыкавалі рашэнне прэзідэнта, але яны не маюць дастатковай большасці, каб пераадолець вета. Міністарка працы Польшчы Агнешка Дземяновіч-Бонк адзначыла, што дзеці не павінны пакутаваць ад таго, ці працуе іх маці, і назвала падтрымку дзяцей пытаннем чалавечай годнасці.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе ў Польшчы пасяліліся каля мільёна ўкраінскіх бежанцаў, пераважна жанчыны і дзеці. Сама ж Польшча застаецца адным з галоўных саюзнікаў Украіны і ключавым транзітным шляхам для заходняй дапамогі.
Між тым закон, на які Наўроцкі наклаў вета, тычыўся не толькі гэтых дапамог, але праз яго таксама праводзілася, напрыклад, фінансаванне спадарожнікавага інтэрнэту Starlink для Украіны, якое цяпер апынулася пад пагрозай. Пра гэта паведаміў польскі віцэ-прэм'ер, міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі.
«Гэта канец інтэрнэту Starlink, які Польшча дае ахопленай вайной Украіне. Гэта таксама спыняе падтрымку захоўвання даных украінскага ўрада ў бяспечным месцы. Я не магу ўявіць сабе лепшага падарунка для войскаў Пуціна», — напісаў Гаўкоўскі ў сацсетцы X.
Ён заклікаў Наўроцкага «спыніць слепа нападаць на ўрад у імя палітычнай барацьбы», падкрэсліўшы, што «бяздумныя» пастановы дапамагаюць Расіі і шкодзяць украінцам, якія змагаюцца за сваю незалежнасць.
Паводле звестак Міністэрства лічбавых тэхналогій Польшчы, у 2025 годзе гэта краіна планавала выдаткаваць больш за $20 мільёнаў на Starlink для Украіны. У 2022-2024 гадах выдаткі на гэтыя мэты склалі каля $84 мільёнаў.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Наўроцкі заклікаў Сейм забараніць «бандэраўскую» сімволіку ў Польшчы
Караль Наўроцкі збіраецца паехаць ва Украіну і сустрэцца з Зяленскім