БЕЛ Ł РУС

Латушка абвяргае абвінавачанні ў харасмэнце ад дэлегаткі КР Карпушонак

30.08.2025 / 12:40

Nashaniva.com

Вольга Карпушонак напісала, што Латушка асабіста і праз калег запрасіў яе працаваць у НАУ, «паабяцаўшы пратэкцыю, грошы і спакой». 

Вольга Карпушонак, Павел Латушка. Фота: фэйсбук, Офіс Ціханоўскай

Дэлегатка Каардынацыйнай Рады і былая адвакатка Вольга Карпушонак абвінаваціла Паўлу Латушку ў харасмэнце.

«У 2024 годзе я больш не магла заставацца ва Украіне. На жаль, жыццё сутыкнула мяне з СБУ, якая спрабуе ўсімі сіламі, з дапамогай любых кантактаў у беларускіх дэмсілах мець рычагі ўплыву, маніпуляваць і штурхаць свае інтарэсы, і я стала практычна цацкай у руках гэтых людзей. Ад мяне патрабавалі інфармацыю, пагражалі дэпартацыяй, распускалі рукі, прыніжалі, нават карысталіся маім асабістым аўтамабілем, вяртаючы яго пабітым, са штрафамі і без паліва, з мяне проста здзекаваліся», — напісала яна ў фэйсбуку.

Карпушонак піша, што Латушка асабіста і праз калег запрасіў яе працаваць у НАУ, «паабяцаўшы пратэкцыю, грошы і спакой». 

«Практычна ў першыя ж дні Павел запрасіў мяне ў рэстаран, у самым цэнтры Варшавы, мы сядзелі на закрытай тэрасе. Ён быў так галантны, з ім было цікава, да таго ж нас абслугоўвалі па вышэйшым разрадзе, афіцыянты ведалі яго і яго перавагі ў ежы і вінах. Мы тады выдатна правялі час, а Павел казаў пра тое, як даўно ён хоча бачыць побач з сабой разумную прывабную дзяўчыну, годную ў будучыні стаць, як ён жартаваў, «першай лэдзі». Мне падалося, што ўсё, нарэшце, наладзілася, цяпер можна жыць нармальным жыццём сярод беларусаў, але мне толькі падалося.

Латушка папрасіў мяне не распаўсюджвацца ў офісе аб нашым спатканні. Я падумала, гэта таму, што не варта гэтага рабіць з этычных меркаванняў, мы ж разам працуем». 

Па словах Карпушонак, калі Латушка запрасіў яе зноў у рэстаран, яна выказала «ўсё, што думае». «У выніку я сутыкнулася з сэксуальнымі дамаганнямі з боку гэтага чалавека — калі яго можна так назваць». Па словах Карпушонак, палітык нібыта таксама стаў пагражаць ёй праблемамі ў Польшчы.

«Заробак я так і не дачакалася, толькі некалькі разоў Павел Паўлавіч даваў мне грошы, але прасіў напісаць распіску, дзе я паказвала дакладную суму ў еўра. Былі і грошы, якія ён даваў мне проста так», — напісала Карпушонак.

Павел Латушка ў каментары заявіў, што гэта паклёп.

«Я як публічная асоба вымушаны буду абараняць сваю рэпутацыю ўсімі даступнымі прававымі спосабамі. Таксама не выключаю магчымасць падачы іскавай заявы ў суд аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі».

Ён кажа, што незадоўга да гэтага ў каманды НАУ ўзніклі падазрэнні да самой Карпушонак.

«У каманды НАУ паўсталі падазрэнні ў дачыненні да Вольгі Карпушонак на прадмет магчымага супрацоўніцтва са спецслужбамі замежнай дзяржавы. Пасля гэтага ёй было прапанавана прайсці паліграф. Пасля гэтай прапановы яна спыніла супрацоўніцтва з камандай НАУ ў якасці валанцёра».

Палітык лічыць гэта абвінавачанне часткай кампаніі па дыскрэдытацыі дзейнасці яго і НАУ.

Спаткання ў рэстаране, пра якое кажа Карпушонак, па словах прадстаўніка Латушкі, не было.

Вольга Карпушонак раней была адвакаткай. У 2021 годзе ў сацыяльных сетках Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў з’явіўся вялікі тэкст за яе подпісам. У ім Вольга пісала, што адвакатам не варта высоўвацца. Але неўзабаве і яе саму пазбавілі ліцэнзіі. Да пераезду ў Польшчу Вольга жыла ва Украіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула