Пад Мінскам прадаецца палац з двума басейнамі, СПА-комплексам і люстрай ростам з чалавека
У вёсцы Сасновая, прыкладна за 15 кіламетраў ад станцыі метро «Уручча», выставілі на продаж асабняк плошчай амаль у тысячу квадратных метраў. Пытанне цаны — 4 мільёны даляраў, піша Onliner.by.
Дом пабудаваны ў 2017 годзе, вышыня столяў у асобных памяшканнях дасягае пяці метраў. Гэта не проста жыллё, а сапраўдны палац: тут пяць спальняў (кожная — з асобнай ваннай), некалькі гардэробных, прасторная гасцёўня з кухняй і віннай шафай.
Інтэр’ер атрымаўся класічным: на сценах люстэркі, панэлі з эпаксіднай смалы і молдынгі, паўсюль бляск і пазалота.
Асаблівай увагі заслугоўвае велізарная крышталёвая люстра над лесвіцай — здаецца, што яна ростам з чалавека.
Спальні вытрыманыя ў больш спакойных танах, хоць і там ёсць ноткі раскошы: аксамітныя падгалоўі ў ложкаў, цяжкія парцьеры
Ёсць у катэджы і такія рашэнні, якіх тут дакладна не чакаеш убачыць. Напрыклад, у адным з пакояў можна знайсці фоташпалеры з чалавекам-павуком. Відавочна, што гэта дзіцячы пакой.
Ну ці ўладальнік у юнацтве марыў, што яго ўкусіць радыеактыўнае насякомае, але гэтага так і не дачакаўся… Таму вырашыў увасобіць мару ў рэальнасць хаця б такім спосабам.
Яшчэ адна спальня аформленая ў ружовых танах — магчыма, гэта пакой для дзяўчынкі.
Вялікую ўвагу гаспадар надаў зоне адпачынку. На цокальным паверсе размясціўся сапраўдны СПА-комплекс: хамам, саўна і басейн.
Таксама тут ёсць трэнажорная зала, більярдная, тэнісны стол.
Звонку — яшчэ адзін басейн пад адкрытым небам, акружаны лежакамі.
Акрамя асноўнага катэджа, на тэрыторыі размешчаны гасцявы дом на 100 «квадратаў», дадатковы будынак для адпачынку і альтанка, дзе можна ладзіць барбекю.
Увесь гэты комплекс каштуе 4 000 000 даляраў па курсе.
Цікава, што ў той жа вёсцы не так даўно прадаваўся вельмі падобны дом. Магчыма, у іх адзін і той жа архітэктар, а можа, нават уласнік.