Палітвязню Максіму Знаку споўнілася 44 гады, два з паловай з іх ён у рэжыме інкамунікада
Адвакату Максіму Знаку, які быў сябрам Каардынацыйнай рады і адвакатам Віктара Бабарыкі, 4 верасня споўнілася 44 гады. Пяты раз Максім Знак сустракае дзень нараджэння ў зняволенні, ён быў асуджаны на 10 гадоў калоніі, нагадвае Радыё Свабода.
З лютага 2023 года Максім Знак застаецца ў рэжыме інкамунікада — пра яго амаль нічога не вядома, як і невядома, ці даходзяць да яго нейкія звесткі з волі.
«Пішам яму фактычна кожны тыдзень, але на нашы лісты няма адказаў ужо трэці год», — паведаміў Свабодзе адзін з сваякоў палітвязня Максіма Знака.
Максіма Знака трымаюць у папраўчай калоніі № 3 у Віцебску.
У зняволенні Максім Знак напісаў апавяданні і вершы, якія здолеў перадаць на волю. У выніку ў 2022 годзе выйшла ягоная кніга «Зэкамерон», а пазней паводле яе ў Варшаве паставілі аднайменны спектакль, у якім іграюць акцёры Купалаўскага тэатра ў выгнанні. Кніга «Зэкамерон» у 2025 годзе была перакладзеная на дацкую мову. Раней выйшлі пераклады на англійскую, нямецкую і шведскую мовы.
У 2025 годзе Максім Знак стаў лаўрэатам прэміі «Парушэнне спакою» Цэнтра Вацлава Гаўла ў Нью-Ёрку, якую прысуджаюць адважным пісьменнікам у небяспецы.
Пры абвяшчэнні ўзнагароды Біл Шыпсі — праваабаронца, сябра Рады дырэктараў Цэнтра Вацлава Гаўла — адзначыў, што «кніга «Зэкамерон» — адзін з самых кранальных і моцных прыкладаў турэмнай літаратуры».
Паводле сваяка Максіма Знака, з якім размаўляла Свабода, родныя і сябры адваката спадзяюцца, што стан яго здароўя здавальняючы. Сваякі згадваюць сведчанні былога зняволенага, які выйшаў на волю з калоніі Віцьба-3 у чэрвені 2025 года. Грамадзянін Латвіі Дзмітрыйс Міхайлаўс казаў, што Максіма Знака ў калоніі не бачыў, але ведаў, што той «па-ранейшаму сядзіць у памяшканні камернага тыпу і ў ШІЗА».
Адвакат, пісьменнік і бард Максім Знак быў арыштаваны 9 верасня 2020 года і асуджаны на 10 гадоў зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «змову з мэтай захопу ўлады». Знак сваёй віны не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.