БЕЛ Ł РУС

Бульба-фітнэс: беларусы паказваюць у сацыяльных сетках, колькі бульбы выкапалі сёлета

6.09.2025 / 22:19

Nashaniva.com

Пасля сёлетніх праблем з бульбай у крамах, бульбу на лецішчах вырашылі пасадзіць нават фанаты газонаў. Што ж выкапалі беларусы, улічваючы дажджлівае лета?

Скрыншот відэа ў тыктоку

Блогерка Марына не без гонару прадэманстравала чатыры горкі бульбы розных гатункаў. Кажа, для гэтага году вынік даволі прыстойны.

— У мяне далонь рабоча-сялянская — маленькая і шырокая. І такі ж і «Скарб».

Яна прызнаецца, што ўпершыню сёлета пасадзіла гатунак беларускай селекцыі «Рубін».

— Спачатку кусты былі вельмі прыгожыя, але кожны раз, калі я спрабавала бульбу падкапаць, засмучалася. Пад карчом нібыта шмат, а ў выніку яна была ўся маленькая. Я ўжо яе закінула і не чапала. А калі выкапала ўсё, аказалася, што бульбачка вельмі неблагая.

Поспех ураджаю жанчына тлумачыць тым, што ў яе грунце шмат пяску, таму залішняя вадкасць не пашкодзіла бульбе.

Відэа набрала больш за 350 тысяч праглядаў. Каментатары цікавіліся, навошта так шмат. Марына растлумачыла: «Мы жывём у вёсцы, саджаем усё, бульба займае палову агароду. Дзякуй Богу, ёсць каму есці — дочкі, зяці, унукі, яны ўсе ў горадзе жывуць».

 

Тыктокерка Юлія, якая жыве ў Рагачоўскім раёне пахвалілася, што ў іх сёлета атрымаўся сапраўды бульбяны год. Атрымалася вырасціць і сабе, і на продаж гатункі «Першацвет» і «Уладар».

 

Людміла Голубева, якая прысвяціла свой тыкток жыццю ў вёсцы, распавяла, што летась іх ураджай быў больш. Але яны з мужам рады і таму, што хаця б нешта вырасла.

— На насенне ёсць, а мы будзем паранку есці, неяк так.

 

Фермер, які вырошчвае бульбу на продаж, пахваліўся, што сёлета выдатны ўраджай сорту «Вектар». З аднаго куста мужчына выкопвае вядро бульбы.

 

Яшчэ адзін фермер з Іўеўскага раёна прадэманстраваў, што бульба ўрадзіла. Але які будзе кошт, пакуль прагназаваць не бярэцца:

— Будзем ведаць толькі на кірмашы, залежыць ад цэн у іншых.

 

Узроставы тыктокер з нікам Дзед Ку-ку таксама не адстае ад трэндаў і вырашыў паказаць, як пачаў капаць бульбу.

— Жыццё навучыць жыць. Мы людзі небагатыя, у краме ўсё набыць не можам. Самі саджаем — самі капаем.

 

Блогерка Anna Alice прадэманстравала вядро маленькай бульбы — памер яе каля 2—3 сантыметраў. У каментарыях ажно пачалася бітва. Нехта крытыкаваў гаспадароў, якія недапрацавалі, а нехта абураўся: «Ну а калі ў мяне агарод усё лета ў вадзе прастаяў?».

Знайшліся і тыя, хто падтрымаў тыктокерку: «Гэта мая бульба адзін у адзін. Абрабляла, абганяла, палола. Марыла, што будзе добры ўраджай. У адзін дзень увесь бульбоўнік счарнеў. Пачала капаць — груддзе разбівала і шукала бульбу як грыбы ў лесе».

Беларусы не былі б беларусамі, калі б і тут не сказалі, што трэба радавацца: «Ну і цудоўна, што смешнага? Год на год не пападае. Бульба смачная, вары ў мундзірах. Пасадзі, збяры, а потым рагачы».

 

Тыктокерка Аліна распавяла, што ў іх бульба больш-менш урадзіла.

— Аптымальнага памеру, зусім гароху няма. З улікам надвор'я, якое была, выдатна, я лічу.

 

Дарэчы, сам працэс капання справакаваў шмат жартаў.

«Абяцаў, што адвязе на мора. Хто ж ведаў, што гэта мора бульбы», — жартаўліва паскардзілася беларуская тыктокерка. У каментарыях яна пацвердзіла, што бульбы ў іх сапраўды шмат.

 

«Бацькі цяпер робяць сюрпрыз: квэсты, батуты… Нечаканы сюрпрыз майго дзяцінства: 100 радоў бульбы а сёмай раніцы», — пажартавала блогерка з нікам Soneshna.

 

А восеньскім гімнам Беларусі прызналі песню, дзе ёсць словы: «Мы на картошку, пока ты дома залипаешь на киношку».

 

Тыктокерка, падпісаная як Алена Розум, пажартавала, што займалася бульба-фітнэсам. На відэа жанчына сядзіць на гары бульбы і шчасліва падкідвае яе.

«Маці за кадрам: «Алена, не ўздумай ганьбіцца ў інтэрнэце, што людзі падумаюць?» Людзі, што вы падумалі, мне цікава вельмі», — напісала тыктокерка.

«Яшчэ гэткі не спаткаўся, каб усім ён падабаўся!» — адказалі ёй у каментарыях.

 

«Пытанне, якое хвалюе мільёны беларусаў»: тыктокер з нікам Барада са Слуцку паказаў, як цяжка абраць, у які кошык кінуць чарговую бульбіну — да вялікай ці да сярэдняй.

 

«Мама трох прынцэс» і «маркетолаг-стратэг» Наталья Галацэвіч падзялілася тым, як уся сям’я капае бульбу а сёмай раніцы. У каментарыях пачалі спрачацца, ці варта марнаваць сілы на агарод, ці лепш набываць гародніну ў краме. Меркаванне, якое па лайках стала адным з самых папулярных, гучыць так: «Бульбу можна купіць, але толькі бульба аб’ядноўвае ўсіх сваякоў ад прабабуль да праўнукаў».

Чытайце таксама:

Адным перад суседзямі сорамна, другія радуюцца кавунам памерам з персік. Беларусы паказваюць ураджай

Беларусы ў сацсетках хваляцца хатнімі ўраджаямі кавуноў ФОТЫ

Агуркі і кабачкі ад рубля, абрыкосы — 5—25 рублёў. Што і колькі каштуе на Камароўцы ў апошнія выходныя лета

Кавуны, буякі і «Каралева Ганна» па рублю за кіло. Дзе танней купіць гародніну і ягады?

Каментары да артыкула