Пяць гадоў таму затрымалі Марыю Калеснікаву. Вось як у 2020-м яна выходзіла з дому ў дзень выбараў ФОТЫ
Кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі сілавікі схапілі раніцай 7 верасня 2020 года ў Мінску і паспрабавалі прымусова выдварыць з Беларусі.
Марыя Калеснікава на акцыі 6 верасня 2020 года, на наступны дзень яе затрымаюць
Аднак Марыя на мяжы з Украінай парвала свой пашпарт, вылезла праз акно аўтамабіля (з ёй везлі тады Антона Раднянкова і Івана Краўцова) і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе зноў затрымалі.
Штаб Бабарыкі падзяліўся фота, як Марыя збіралася ў дзень выбараў 9 жніўня 2020. На стале ў яе ляжалі лісты ад Следчага камітэта і Віктара Бабарыкі, якога на той момант ужо затрымалі.
9 жніўня 2020 года. Фота тут і далей: штаб Бабарыкі
У верасні 2021 года Марыю асудзілі на 11 гадоў зняволення. Калеснікава адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. У лістападзе 2022 года Марыю шпіталізавалі з перытанітам з-за прабадной язвы і зрабілі аперацыю.
З лютага 2023 года Марыя была ў рэжыме інкамунікада, ад яе не прыходзіла лістоў нават родным. Толькі ў лістападзе 2024 года да Калеснікавай у калонію пусцілі на спатканне бацьку — суправаджаў яго Раман Пратасевіч.
Аднак пасля гэтай сустрэчы ліставанне з Калеснікавай як след не аднавілася. Па словах Таццяны Хоміч, быў толькі адзін кароткі ліст спачатку года.
Былая палітзняволеная Наталля Дуліна, якая таксама сядзела ў гомельскай калоніі, расказвала пра здароўе Калеснікавай:
«Машу ж і ў санчастку цягалі, і спрабавалі прывесці ў парадак — перад сустрэчай з бацькам яна была на ўзмоцненым харчаванні, як Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як еўрапейцы ці іншыя сілы запатрабавалі яе паказаць. Яе да гэтага падрыхтавалі».
Дуліна дзялілася, што Калеснікава засталася нязломнай.
«У Калеснікавай вельмі цвёрдая пазіцыя. Яна не тое што не збіраецца пісаць прашэнне аб памілаванні, але кажа, што не збіраецца выходзіць, пакуль не выйдзе апошні з палітвязняў».