БЕЛ Ł РУС

Беларускі футбаліст будзе гуляць у чэмпіянаце Сан-Марына — самым слабым першынстве Еўропы

7.09.2025 / 9:53

Nashaniva.com

26-гадовы галкіпер Аляксей Аўгуль перайшоў у клуб «Трэ Пене» з Сан-Марына. Тэрмін кантракту складае адзін год, паведамляе football.by.

Фота: football.by

Аўгуль з'яўляецца выхаванцам «Мінска» і выпускніком акадэміі італьянскага клуба «Перуджа». Раней Аляксей выступаў за каманды чацвёртага і пятага дывізіёнаў Італіі. Яго апошні клуб — «Мецалара».

Бацька Аляксея — беларускі футбаліст Алег Аўгуль. 

Аляксей не першы беларус, які будзе гуляць у Сан-Марына. У 2023-2024 сезон за «Фларыяну» правёў экс-гулец БАТЭ і зборнай Беларусі Максім Валадзько. Прычым прыйшоў туды з Андоры, а зараз пыліць у «Коста д'Амальфі» — чацвертага італьянскага дывізіёна.

Чэмпіянат Сан-Марына складаецца толькі з адной лігі, у якой гуляюць 16 клубаў. Гэта самы слабы чэмпіянат Еўропы, у рэйтынгу УЕФА ў яго 55-е месца.

Ён разыгрываецца з 1985 года, у «Трэ Пене» — пяць тытулаў, у «Трэ Фіёры» — восем. У мінулым годзе «Трэ Пенэ» фінішавалі шостымі.

У мінулым сезоне Лігі канферэнцый (2024-2025) беларуская «Іслач» зганьбілася ў першым раўндзе кваліфікацыі, прайграўшы па пенальці сан-марынскай «Ля-Фіярыце». 

***

У вышэйшых дывізіёнах у Еўропе беларусы гуляюць у Балгарыі (тры чалавекі), Славеніі (2), Польшчы (2), Грэцыі (2), Кіпры (2), Босніі і Герцагавіне (1), Бельгіі (1), Сербіі (1).

Што да краін былога СССР, то найбольшая дыяспара ў вышэйшым дывізіёне Казахстана (15), у Расіі (8), Кыргызстане (8). Малдова (3), Літва (2), Азербаджане (2), Грузія (1), Арменія (1).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула