У Беларусі адкрыюць новы велазавод
Там збіраюцца выпускаць 15 мадэляў веласіпедаў.
У Гродне запусцяць вытворчасць сучасных веласіпедаў. Праектам зоймецца кампанія «Веласіпеды Макстэр», паведамляе Office Life.
Вытворчасць запусцяць у свабоднай эканамічнай зоне «Гродна», на плошчах ААТ «Радыёхваля», якія возьмуць у арэнду.
Сумарны аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў 3 млн еўра. Для запуску вытворчасці плануюць закупіць высокатэхналагічнае абсталяванне. Тэрміны рэалізацыі праекта пакуль не агучаныя.
Вядома, што кампанія плануе выпускаць велатэхніку для масавага спажыўца. Тут абяцаюць зрабіць «сучасны ровар па разумнай цане».
У лінейцы новага вытворцы будзе 15 мадэляў: гарадскія і прагулачныя веласіпеды, горныя пачатковага ўзроўню, гібрыдныя (універсальныя горад/прыгарад), падлеткавыя і юнацкія. У будучыні прадпрыемства хоча асвоіць выпуск гарадскіх веласіпедаў з электрапрывадам.
Заяўлена, што вытворчасць будзе імпартазамяшчальнай, а ў сярэднетэрміновай перспектыве прадукцыя будзе пераважна пастаўляцца на экспарт.
Варта адзначыць, што на веласіпедным рынку вядомы брэнд Maxter, гэта кітайская марка бюджэтных ровараў. Яго прадукцыя таксама раней пастаўлялася ў Беларусь.
Зараз ровары ў нашай краіне выпускаюць на «Мотавелазаводзе», на яго долю прыпадала больш за палову ўсіх продажаў велатранспарту ў краіне. Да 2029 года прадпрыемства плануе павялічыць выпуск сваёй прадукцыі ў 1,6 разу (але тут гаворка ідзе не толькі пра ровары, але і матацыклы), акрамя таго, на заводзе займаюцца распрацоўкай уласнага электравеласіпеда.