Польскі візавы цэнтр паведаміў, што ўсё часцей на падачу віз рэгіструюцца праз боты. Такія запісы могуць адмяніць
Польскі візавы цэнтр VFS Global паведамляе, што апошнім часам вырасла актыўнасць запісу на прыём з дапамогай аўтаматызаваных інструментаў.
Візавы цэнтр нагадвае, што калі пры рэгістрацыі ўліковага запісу або запісу на прыём будуць выяўленыя ілжывыя або ашуканскія даныя, запіс могуць адмяніць.
Браніраванні, зробленыя з выкарыстаннем ілжывых даных, інфармацыі ад пасярэднікаў або праз ботаў, будуць адмененыя, калі такое будзе заўважана.
На кожны ўнікальны нумар пашпарта можна зарэгістраваць толькі адзін асабісты кабінет. Калі ўліковы запіс зарэгістравала трэцяя асоба ад імя заяўніка, заяўнік больш не зможа запісацца на прыём самастойна.
«Нашы сістэмы актыўна адсочваюць падазроную актыўнасць пры браніраванні і прымаюць неабходныя меры для забеспячэння справядлівага і празрыстага працэсу браніравання для ўсіх заяўнікаў», — сказана на сайце VFS Global.