Рада БНР узнагародзіла медалямі 75 беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне
У дзень Беларускай вайсковай славы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла медалямі «За баявыя заслугі» некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў у складзе Узброеных сілаў Украіны.
Фота: са старонкі Рады БНР у фэйсбуку
«У 1514 годзе нашыя продкі перамаглі нашмат большае маскоўскае войска, — гаворыцца ў звароце старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. — Сёння мужнасць выяўляеце вы, змагаючыся супраць расійскіх агрэсараў ва Украіне. Менавіта ў гэтай бітве вырашаецца і лёс Беларусі, і будучыня ўсяго еўрапейскага кантынента».
За асабістую адвагу ўзнагароджаныя байцы Палку Каліноўскага і падраздзялення «1514», усяго 75 чалавек, з іх 12 афіцэраў адзначаныя афіцэрскімі (залатымі) медалямі. Дзевяць байцоў узнагароджаныя пасмяротна.
У мінулыя гады Рада БНР узнагароджвала беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расійскімі агрэсарамі ва Украіне, медалямі Ордэна Пагоні і медалём За баявыя заслугі.
Баец Палка Каліноўскага, адзін з заснавальнікаў «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі і баец Другога інтэрнацыянальнага легіёну Збройных сілаў Украіны Марыя Зайцава былі пасмяротна ўганараваныя Ордэнам Жалезнага Рыцара.