БЕЛ Ł РУС

Гімназія Ірыны Абельскай змяніла ўласніка і засакрэціла яго імя

9.09.2025 / 12:23

Nashaniva.com

«Бюро» высветліла, што ў сакавіку 2025 года ў Мінскай міжнароднай гімназіі, якой раней валодала маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская, адбыліся істотныя структурныя змены.

Аператарам прыватнай школы з чэрвеня 2020 года з’яўляецца аднайменная юрыдычная асоба «Мінская міжнародная гімназія». Яна, у сваю чаргу, належыць кампаніі «Гарызонты ведаў». Апошняй да нядаўняга часу валодаў кіпрскі афшор Blatberg Holdings Limited, які звязваюць з расійскім алігархам Міхаілам Гуцарыевым.

20 сакавіка 2025 года ўнітарнае прадпрыемства «Гарызонты ведаў» змяніла форму ўласнасці на ТАА, а від дзейнасці «агульная сярэдняя адукацыя» на «комплексныя паслугі па абслугоўванні будынкаў». А праз чатыры дні кампанія Blatberg Holdings Limited выйшла са складу ўласнікаў «Гарызонтаў ведаў».

Хто стаў новым уладальнікам элітнай школы ў Драздах, невядома — Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) не падаў нам дадзеныя пра цяперашняга бенефіцыяра.

Журналісты накіравалі скаргу ў Міністэрства юстыцыі адносна ўтойвання інфармацыі пра новых уласнікаў «Гарызонтаў ведаў». Вось што ім адказалі чыноўнікі:

«Інфармацыя [пра ўласнікаў юрыдычных асоб] уключаецца органамі рэгістрацыі ў АДР на падставе дакументаў, пададзеных самім суб’ектам гаспадарання. Адпаведна, інфармацыя з АДР падаецца ў аб’ёме, які ўтрымліваецца ў АДР. Іншымі звесткамі, не ўключанымі ў АДР, Міністэрства юстыцыі не валодае».

Іншымі словамі, ні Міністэрства юстыцыі, ні АДР, паводле іх слоў, самі не ведаюць, хто з’яўляецца новым і, па ўсім відаць, вельмі ўплывовым уладальнікам «Гарызонтаў ведаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула