БЕЛ Ł РУС

Польскі фермер расказаў, як набыў трактар Belarus, а цяпер пакутуе

9.09.2025 / 19:56

Nashaniva.com

33-гадовы фермер Марыюш Максімовіч з падляшскай вёскі Срэдніца займаецца сельскай гаспадаркай з дзяцінства. Разам з бацькамі ён вядзе гаспадарку на 30 гектарах і ўтрымлівае 80 кароў. У 2018 годзе сям’я купіла трактар Belarus за 200 тысяч злотых (па тагачасным курсе каля 55 тысяч даляраў). Купля была легальнай: ёсць усе дакументы, пацвярджэнні плацяжоў і мытаў, пасведчанні аб рэгістрацыі тэхнікі ў камунікацыйным аддзеле. Але праз гады легальнага выкарыстання трактара ўзніклі праблемы, піша беластоцкі рэгіянальны сайт.

Фота: bialystok.se.pl

За гэтыя гады трактар засведчыў сябе, сцвярджае Марыюш, як даволі надзейная, хоць і не надта камфортная тэхніка. У адрозненне ад заходніх мадэляў, якія патрабуюць дарагога сэрвісу і камп’ютарнага абслугоўвання, Belarus лёгка рамантуецца самастойна, а запчасткі даступныя практычна ў кожнай краме.

Дзякуючы гэтаму трактару сям’я Марыюша павялічыла вытворчасць малака, паляпшала агульную эфектыўнасць гаспадаркі. Яна выкарыстоўвае яго з іншымі сельскагаспадарчымі прыладамі: плугам, сеялкай, раскідальнікам гною.

Аднак у лістападзе 2024 года Марыюш атрымаў ліст ад ад мясцовых уладаў: рэгістрацыю яго трактара анулююць нібыта з-за адсутнасці амалагацыі. Пасля некалькіх абскарджванняў канчатковае, неспрыяльнае для фермера рашэнне было вынесена ў жніўні 2025 года. Гэта азначае, што ён цяпер не можа законна выязджаць на дарогі, у той час як акурат цяпер час жніва.

Праблема мае і палітычны аспект. Падчас перадвыбарчай кампаніі цяперашні міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак абяцаў легалізаваць такія трактары і даць гарантыі фермерам, што яны змогуць працаваць далей. Але пасля выбараў гэтыя абяцанні, як сцвярджаецца, былі забытыя.

Таму Марыюш і яго сям’я цяпер рызыкуюць страціць асноўны працоўны інструмент і сродкі для існавання. Яны вымушаныя для таго, каб скончыць жніво, шукаць дапамогу ў суседзяў, і спадзяюцца, што ўлады ўсё ж выканаюць свае абяцанні.

Прадстаўнік Руху сямейных гаспадарак, прафесійнага аб'яднання фермераў, адзначае, што сітуацыя Марыюша Максімовіча не ўнікальная — з падобнымі праблемамі сутыкнуліся 7 500 фермераў па ўсёй Польшчы.

Чытайце таксама:

Купля трактароў з Беларусі прынесла праблемы польскім фермерам

Дырэктарка эталоннага калгаса ў Добрушы 12 гадоў хавала падзеж і збівала падначаленых. Аднаго спрабавала накарміць сіласам

«Гектар прыносіць каля $20 000». Буяковы фермер расказаў, як можна зарабіць на ягадах у Беларусі

Чаго хочуць еўрапейскія фермеры?

Каментары да артыкула