Аб'яднаны пераходны кабінет выступіў з заявай наконт пачатку беларуска-расійскіх вучэнняў
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі распаўсюдзіў заяву ў сувязі з пачаткам беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2025», якія пройдуць з 12 па 16 верасня.
Фота: АПК
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі заяўляе, што
— правядзенне сумесных з Расіяй вайсковых вучэнняў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо знешнія пагрозы, пра якія гавораць ініцыятары вучэнняў, насамрэч цалкам інспіраваныя;
— на фоне вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суагрэсарам, вайсковыя вучэнні «Захад-2025» вядуць да эскалацыі напружанасці на кантыненце і ствараюць пагрозы для рэгіянальнай бяспекі;
— размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і ўключэнне ў вучэнні планаў па яе выкарыстанні — прыклад злачыннай безадказнасці ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі;
— масавае парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі з тэрыторыі Беларусі пацвярджае, што дзеянні Расіі нясуць непасрэдную пагрозу краінам-суседзям і дэстабілізуюць усю сістэму бяспекі ў Еўропе.
Таксама Кабінетпадтрымлівае справядлівую барацьбу Украіны за незалежнасць, у якой прымаюць удзел у тым ліку беларускія добраахвотнікі і добраахвотніцы, і падкрэслівае неабходнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых за агрэсію;
— рашуча выступае супраць саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ганебнай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны, якая пачалася пасля мінулых вучэнняў «Захад-2022» з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі;
— засцерагае кіраўніцтва Узброеных сіл Беларусі ад правакацый, якія могуць мець негатыўныя наступствы для Беларусі і суседніх краін, а таксама заклікае не ўдзельнічаць у правакацыях з боку Расіі;
— заклікае краіны ЕС захоўваць магчымасць свабодных руху і зносін праз мяжу Беларусі з ЕС, каб пазбегнуць ізаляцыі і абмежавання сувязей беларусаў з вонкавым светам;
— пацвярджае сваю пазіцыю аб тым, што для выхаду з унутрапалітычнага крызісу ў Беларусі, які з’яўляецца першапрычынай знешнепалітычнага крызісу, неабходнае правядзенне Круглага стала для ўмацавання суверэнітэту Беларусі і яе вяртання да статусу донара рэгіянальнай стабільнасці.