БЕЛ Ł РУС

За незарэгістраваныя самакаты штрафаваць пакуль што не будуць

10.09.2025 / 19:36

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што тэрмін спрошчанай рэгістрацыі хуткасных электрасамакатаў і падобных прылад могуць падоўжыць.

Фота ілюстрацыйнае

Паводле новых правіл дарожнага руху, электрасамакаты, здольныя развіваць хуткасць больш за 25 км/г, неабходна зарэгістраваць у ДАІ пасля праверкі і атрымання электроннага пашпарта ў адной з лабараторый.

Пакуль, аднак, калі верыць Івану Кубракову, ДАІ нацэленая не на прыцягненне да адказнасці, а на тлумачэнне новых правіл.

«Ніхто нікога не будзе прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Рэкамендаваць, расказваць, тлумачыць, куды звярнуцца — так, будуць, але прыцягваць да адказнасці не будуць», — цытуе Кубракова тэлеграм-канал МУС.

Паводле ўказа, падпісанага ў верасні 2025 года, зарэгістраваць транспарт трэба да 1 верасня 2026 года. Калі хто не паспее, то МУС можа звярнуцца да Лукашэнкі з просьбай падоўжыць тэрмін дзеяння ўказа.

Рэгістрацыя праходзіць у два этапы: спачатку трэба атрымаць электронны пашпарт у адной з 25 акрэдытаваных лабараторый (спіс даступны на сайце Дзяржстандарта), а пасля гэтага — зарэгістраваць прыладу ў ДАІ. Ездзіць на транспарце можна толькі ў шлеме, па дарогах і абавязкова з правамі адпаведнай катэгорыі: АМ, А1 ці А, у залежнасці ад магутнасці рухавіка.

Некаторыя прылады не падлягаюць рэгістрацыі, напрыклад, хуткасныя манаколы.

Чытайце таксама:

У міліцыі распрацавалі спецыяльную таблічку, якая палегчыць жыццё раварыстам

У Мінску самакатчык спатыкнуўся на ляжачым паліцэйскім і ўрэзаўся ў прыпаркаваную машыну ВІДЭА

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху

У Мінску ДАІ ганялася за падлеткамі на электрасамакатах

Пешаход спрабаваў зачапіць нагой самакатчыка. Той з'ехаў, але неўзабаве вярнуўся — ужо з сябрамі

Каментары да артыкула