БЕЛ Ł РУС

Ярашук: Лукашэнка падмануў Трампа

12.09.2025 / 15:19

Nashaniva.com

«Такая бліскучая аперацыя, ашукалі самога Трампа: парвалі нам пашпарты, — іранізуе прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук. — Але мы вернемся ў Беларусь пераможцамі, нягледзячы на тыя парваныя пашпарты».

Аляксандр Ярашук. Скрыншот з відэа

Сілы нам надавала адчуванне, што мы працягваем слаўную шматвекавую гісторыю беларускага народа, сказаў ён.

74-гадовы прафсаюзны лідар назваў калонію ў Шклове, дзе яго ўтрымлівалі, «фабрыкай катаванняў». Ён абвінаваціў начальніка гэтай калоніі палкоўніка Карніенку ў наўмыснай арганізацыі гэтых катаванняў.

Ярашук таксама сказаў, што назіраў: гэтыя сілавікі і кагэбісты, якія ім займаліся, насамрэч страшна баяцца і хаваюць твары пад маскамі.

«Я зразумеў, што яны, насамрэч, баяцца. Яны баяцца, таму што, калі мы ехалі ўчора з гэтымі кадэбэшнікамі, калі мы былі на сваіх зонах, у сваіх турмах. […] Я бачыў увесь час: і ў зоне, і ў турме, і ўчора — толькі маскі, маскі, маскі! Ні аднаго твара. Хто гаспадар у краіне? Давайце спытаем сябе. Яны гаспадары? А чаго ж яны баяцца?

Таму што яны ведаюць, што яны сёння, насамрэч, апантаныя страхам. Яны ведаюць, што рана ці позна за ўсё прыйдзецца адказваць. І ў тым ліку за тыя пашпарты, якія яны скралі.

Напэўна, Лукашэнка іх узнагародзіць за такую бліскучую аперацыю над намі, вось што яны ашукалі не толькі нас, але і Трампа, і Злучаныя Штаты, і Еўрапейскі Саюз. Ну, дзякуем, хай надалей працягваюць.

Мы зараз тут, мы пазбаўленыя грамадзянства, мы не можам вярнуцца ў Беларусь. Але я хачу вас запэўніць: мы туды прыйдзем! Мы прыйдзем туды, таму што мы сапраўдныя гаспадары нашай краіны, нашай любай Беларусі! І дзеля яе не пашкадуем нічога, і свайго ўласнага жыцця».

Аляксандр Ярашук да арышту быў старшынёй Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Ён нарадзіўся ў Камянецкім раёне і да пачатку 2000-х працаваў на розных пасадах, звязаных з сельскай гаспадаркай: загадчыкам аддзела аграрнай палітыкі ЦК КПБ, намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, старшынёй абласнога камітэта прыродных рэсурсаў.

З 1999 года ўзначальваў прафсаюз работнікаў АПК у складзе ФПБ. У 2001 годзе спрабаваў балатавацца на прэзідэнта, але не быў зарэгістраваны.

19 красавіка 2022 года дома ў Ярашука і на ягонай працы прайшлі вобшукі, яго затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Спачатку прафсаюзнага дзеяча абвінавацілі па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, што парушаюць грамадскі парадак), пазней — па арт. 361 (заклікі да санкцый).

20—26 снежня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся суд, дзе Ярашук атрымаў 4 гады калоніі агульнага рэжыму. У сакавіку 2023 г. яго перавялі ў магілёўскую турму № 4, пасля — у калонію № 17 у Шклове.

Чытайце таксама:

Мікола Дзядок: Негвалтоўны супраціў не працуе, калі такі тэрор, як у лукашэнкаўскай Беларусі

Ціханоўская: Гэта было не вызваленне, а дэпартацыя

Сяргей Спарыш: Я гаварыў са Статкевічам у аўтобусе, ён у выдатным маральным стане

Вызвалілі прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука

Каментары да артыкула