БЕЛ Ł РУС

Вацлаў Арэшка цалкам аслеп. «Самае страшнае — уначы навобмацак хадзіць у туалет»

12.09.2025 / 15:38

Nashaniva.com

Былы галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Алесь Манцэвіч расказаў на прэс-канферэнцыі былых палітвязняў жахлівую гісторыю, у якім стане адбывае пакаранне адзін з прафсаюзных актывістаў і культурны дзеяч Вацлаў Арэшка. 

Аляксандр Манцэвіч. Скрыншот з відэа

«Я першы час у калоніі спаў на суседняй шконцы з ім. Спачатку ён бачыў, а пасля аслеп. Удзень Вацлаў пытаецца: ці сёння сонца на небе ёсць? Самае страшнае, што ён уначы вымушаны навобмацак хадзіць у туалет. Падае, разбіваецца ў кроў…»

Цяпер 70-гадовага Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 года. У той дзень адначасова былі арыштаваныя кіраўнікі і найбольш вядомыя актывісты беларускіх незалежных прафсаюзаў. Амаль праз год, у студзені 2023-га, Вацлаў Арэшка быў асуджаны на 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх асудзілі актывіста, быў артыкул 361-1 пра стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і ўдзел у ім.

Гэткім фармаваннем беларускія ўлады прызналі прафсаюз РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці), у якім Арэшка рэдагаваў бюлетэнь прафсаюзаў РЭП.

Цяперашні палітвязень калоніі «Ваўчыныя норы» Вацлаў Арэшка таксама вядомы як дзеяч беларускай культуры, ён займаўся рэдактарскай і літаратурнай дзейнасцю.

Вацлаў Арэшка працаваў у Тэатры юнага гледача і Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», вёў раздзел кніжных і камп'ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве», рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі», выступаў як актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыяваў стварэнне «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій.

@nashanivanews Пажылы палітвязень Вацлаў Арэшка за кратамі цалкам аслеп #минск #минскаяобласть #новости #беларусь ♬ som original - SpxMac

Як літаратар Вацлаў Арэшка друкаваўся ў часопісах «Спадчына» і Arche, перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока.

Чытайце таксама:

Вось як у Вільні сустракалі вызваленых палітвязняў ШМАТ ФОТА

«Не бачыць на адлегласці рукі» — палітвязень пра Вацлава Арэшку 

Палітвязню Вацлаву Арэшку — 70 гадоў, ён асуджаны на восем гадоў

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Каментары да артыкула