Былы палітвязень Крылоў папрасіў не забываць пра палітзняволеных ксяндзоў: іх шмат у калоніях!
62-гадовы Андрэй Крылоў звярнуўся да Ватыкана з напамінам пра зняволеных святароў.
Андрэй Крылоў
«У нас ёсць палітзняволеныя, якія неяк адзінай галінкай праходзяць, пра іх не падымаюць [пытанне] — гэта ксяндзы. Там шмат ксяндзоў сядзіць. Трэба ў Ватыкан звяртацца. Неяк Каталіцкая царква прыраўнаваная да польскай царквы, і таму нагрузка на ксяндзоў моцная кладзецца».
Сам ён перасякаўся ў калоніі з ксяндзамі Генрыхам Акалатовічам з Валожына і Андрэем Юхневічам з Шуміліна.
Андрэй Крылоў — інжынер тэхнічнага нагляду з Ваўкавыска.
У 2020 годзе супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў). Паводле абвінавачання, ён нібыта заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках праз паведамленне ў тэлеграм-чаце «Банда Лукі» 15 лістапада 2020 года.
На судзе Крылоў сваю віну цалкам адмаўляў. Тым не менш, 2 верасня 2021 года суддзя Мікалай Талашка асудзіў яго на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.