Украіна навучылася лепш супрацьстаяць расійскім «Кінжалам»
Ва ўкраінскім Генштабе адзначылі, што эфектыўнасць сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) супраць расійскіх ракет «Кінжал» за апошні год значна вырасла. Гэтая зброя ўсё часцей не дасягае прызначаных цэляў, а ўкраінскія сістэмы РЭБ сталі паказваць лепшыя вынікі, піша «Суспільне».
Ракета «Кінжал», збітая над Кіевам 4 мая 2023 года. Фота: Суспільне
Крыніца выдання ў Генеральным штабе УСУ патлумачыла, што чым хутчэй рухаецца ракета, тым складаней ёй правільна вызначаць свае каардынаты. Менавіта гэта робіць яе больш уразлівай да радыёперашкод. Павелічэнне колькасці і магчымасцяў украінскіх сістэм РЭБ дало магчымасць больш эфектыўна ўздзейнічаць на такія ракеты.
У выніку ўдасканалення ўкраінскіх сістэм РЭБ Расія панесла істотныя фінансавыя страты. Паводле ацэнак, намаганні ў супрацьдзеянні РЭБ абышліся расійскаму боку як мінімум у 1,5 мільярда даляраў. Гэта звязана з тым, што яны вымушаныя ставіць на ракеты дарагія антэнныя модулі CRPA (абароненыя ад перашкод). Такія антэнныя сістэмы выкарыстоўваюцца ў кіраваных авіяцыйных бомбах (КАБ) і ў дронах-камікадзэ «Шахед». Кошт адной антэны — ад 10 да 17 тысяч даляраў.
За гэты час Расія выпусціла каля 8 тысяч КАБаў і прыкладна 40 тысяч «Шахедаў». Усе яны абсталяваныя антенамі CRPA, што разам склала каля паўтара мільярда даляраў выдаткаў.
Акрамя таго, з часам расійскі бок пачаў выкарыстоўваць усё больш складаныя тэхналогіі: калі раней гэта былі 4-элементныя прыёмнікі, то цяпер ужо 8– і нават 16-элементныя антэнныя сістэмы.
Чытайце таксама:
У Трампа «хутка заканчваецца» цярпенне, ён анансаваў новыя санкцыі супраць Расіі
НАТА рыхтуе ваенны адказ на атаку расійскіх дронаў у Польшчы