БЕЛ Ł РУС

Албанія першай у свеце прызначыла міністрам штучны інтэлект, каб сачыў за карупцыяй

14.09.2025 / 11:44

Nashaniva.com

Албанія стала першай краінай, дзе ва ўрад увайшоў віртуальны міністр, створаны на аснове штучнага інтэлекту. Задача бота — зрабіць так, каб дзяржзакупкі былі на 100% свабодныя ад карупцыі.

Новы «член кабінета» па імені Дзіела (у перакладзе з албанскай — «сонца») зоймецца кіраваннем дзяржаўнымі тэндарамі і будзе адказваць за размеркаванне кантрактаў, піша Devby.

Прэм’ер-міністр Эдзі Рама, які фарміруе свой чацвёрты кабінет, заявіў, што Дзіела стане «першым членам урада, які не прысутнічае фізічна, а створаны віртуальна пры дапамозе ШІ».

Задача бота — зрабіць так, каб дзяржзакупкі былі на 100% свабодныя ад карупцыі.

Тэндары ў Албаніі даўно лічыліся крыніцай карупцыі і спосабам адмывання грошай, што перашкаджае краіне наблізіцца да ўступлення ў ЕС. Цяпер працэс размеркавання кантрактаў паступова перадаецца ШІ, каб выключыць уплыў чыноўнікаў, хабар і пагрозы.

Дзіела з’явілася ў пачатку 2025 года як віртуальны асістэнт на партале e-Albania. У асістэнта ёсць аватар у традыцыйным албанскім касцюме, яна адказвае на галасавыя запыты і выдае дакументы з электроннымі подпісамі, скарачаючы бюракратычныя затрымкі.

Аднак карыстальнікі лічаць, што карупцыя ў Албаніі нікуды не дзенецца: многія жартуюць, што крадзеж працягнецца, проста ўсе будуць абвінавачваць ужо Дзіелу.

Албанія, па ацэнках экспертаў, застаецца вузлом для міжнародных злачынных груповак, якія займаюцца наркагандлем і зброяй. Барацьба з карупцыяй — адна з ключавых умоў на шляху да членства ў ЕС, якое Рама спадзяецца дасягнуць да 2030 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула