Зяленскі прыгразіў ударамі па порце на Балтыцы, дзе запраўляюцца нафтавыя танкеры Расіі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы працягнуць абмежаванне магчымасцяў Расіі за кошт удараў па яе нафтавай інфраструктуры.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
У сваім вячэрнім звароце 14 верасня кіраўнік Украіны падзякаваў спецпадраздзяленням Службы бяспекі Украіны, якія на днях нанеслі сур’ёзныя пашкоджанні найбуйнейшаму нафтаваму тэрміналу Расіі на Балтыйскім моры ў Прыморску. Паводле яго слоў, усё было праверана — у выніку ўдару ёсць адчувальныя страты для праціўніка.
Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінскія спецслужбы «трымаюць у полі зроку» таксама порт Усць-Луга ў Ленінградскай вобласці, дзе запраўляюцца танкеры з нафтапрадуктамі для экспарту.
«Найбольш эфектыўныя санкцыі — гэта агонь на расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, на іхніх тэрміналах і нафтасховішчах. Сутнасна абмежавалі расійскую нафтавую галіну — і гэта істотна абмяжоўвае вайну. Расійская вайна — фактычна функцыя нафты і газу», — заявіў прэзідэнт.
Прэзідэнт адзначыў, што Украіна пастаянна пашырае лінейку сродкаў паражэння, якія ўжо вырабляе і выкарыстоўвае.
Ён таксама падзякаваў айчынным кампаніям, што ўдзельнічаюць у стварэнні зброі:
«Важна, што такія кампаніі ў нас ёсць. Важна, што яны павялічваюць аб’ёмы. Мы на дзяржаўным узроўні падтрымліваем кожны такі бізнес, які ўзмацняе абараназдольнасць і вяртае нам справядлівасць».
12 верасня расійскія ўлады паведамілі пра пажар у порце Прыморск пасля атакі дронаў. Паводле крыніц «Украінскай праўды», гэта была аперацыя СБУ, у выніку якой пацярпелі не толькі тэрмінал, але і некалькі нафтаперакачвальных станцый, што забяспечваюць працу сістэмы экспарту нафты праз порт Усць-Луга.