Галоўчанка расказаў пра магчымыя змены ў прыёме даляраў
Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, галоўная фінансавая ўстанова краіны заказала даследаванне ў Акадэміі навук. На яго падставе могуць быць унесены змены ў інструкцыю па прыёме даляраў.
«Пытанне, якое часта сустракаецца, звязана з выяўленнем у ультрафіялетавым спектры нейкіх утварэнняў (цвіль, грыбкі і гэтак далей). Але я неяк вырашыў узяцца за гэтае пытанне, давесці яго да канца. Заказалі навуковае даследаванне ў Акадэміі навук: што ж там усё ж такі свеціцца? І ў цяперашні час мы атрымалі справаздачу, прааналізавалі ўплыў мікраэлементаў або біялагічных структураў на захаванасць непасрэдна саміх грашовых знакаў», — расказаў Галоўчанка і дадаў, што наяўнасць элементаў, якія бачныя толькі ў ультрафіялетавым спектры, не будзе з’яўляцца абмежаваннем для прыёму такіх купюр.
Экс-кіраўнік урада расказаў, што «нядаўна праводзіў інвентарызацыю сваёй капілкі».
«Там нейкая колькасць нават ёсць, знайшоў старых долараў, яшчэ не ведаю з якіх часоў — недзе камандзіровачныя, напэўна, выдавалі. Я сябе спакойна адчуваю, нікуды з імі не бегаю і кішэню яны не ціснуць. Таму яшчэ раз магу толькі паўтарыць тое, што ўжо калісьці сказаў: ніякіх абмежаванняў на прыём амерыканскіх даляраў, старога або новага ўзору, так званых сініх або белых, не існуе», — дадаў ён.
Нагадаем, што нядаўна Лукашэнка раскрытыкаваў беларускія банкі, якія адмаўляюцца браць некаторыя даляры.
«Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна пацягне дысцыплінарную адказнасць кіраўніка банка, — заявіў ён — крыўдзіць людзей нейкімі надуманымі пытаннямі нельга».