Саша Нема даказвае, што ў 2020-м трапіў на пратэсты п'яным, пасля канцэртаў у падтрымку Лукашэнкі
Саша Нема іранічна называе сябе «спеваком пад санкцыямі ў краіне пад санкцыямі». А каб растапіць сэрца Лукашэнкі, бажыцца: яго галоўная мара — сыграць для палітыка на гітары.
Саша Нема. Тут і далей фота з яго інстаграма
Пасля 2020 года Саша Нема трапіў у апалу. Улады згадалі пра яго ў 2024 годзе. Тады неафіцыйны канал ГУБАЗіКа апублікаваў відэа са спеваком. Сілавікі заявілі, што Саша Нема прыйшоў у міліцыю, каб «выбачыцца за свае дзеянні ў 2020 годзе». У сторыс у інстаграме сам спявак казаў, што «гэта была цяжкая гутарка, з паказаннямі» і ён выціснуты «ў хлам».
Шлях на шырокую эстраду для артыста закрыты — выступаць у Беларусі не даюць, на тэлебачанне не клічуць. Саша Нема не хавае, што зарабляць прыходзіцца на напісанні карпаратыўных песень — у асноўным для замоўцаў з Расіі. Напрыклад, ён рэгулярна матаецца ў Калінінград, каб праспяваць оду чарговаму жыллёваму комплексу буйнога забудоўшчыка.
Амаль што падпольна Саша Нема піша песні для дазволеных у Беларусі артыстаў — і просіць іх гэта не афішыраваць і, калі трэба, у якасці аўтара ўказваць умоўнага Васю Пупкіна.
Згадаў артыст сюрэалістычны выпадак з тым, як амаль што таемна падарыў песню Аляксандру Саладуху. Той, як кажа Нема, спяваў яе для аграрыяў на палях. Але нехта з нядобразычліўцаў даведаўся, хто аўтар песні і данёс пра гэта «каму трэба». На гэта хутка адрэагавалі — як можна здагадацца па кантэксце, Саладуху забаранілі выконваць кампазіцыю апальнага аўтара.
Відавочна, што такое жыццё — далёка не тое, аб чым марыць некалі папулярны (хаця б у Беларусі) спявак. Летась артыст пачаў публічна каяцца: спачатку напісаў допіс, як «зайшоў у не тыя дзверы». Пасля стаў актыўна дэманстраваць мерч з крамы Лукашэнкі ў сваім інстаграме, выклаў у інстаграме песню «Надо, батя!» — далучыўся такім чынам да дзяржаўнага флэшмобу, каб «угаварыць» Лукашэнку ісці на новы тэрмін у прэзідэнты.
Саша Нема прызнаецца, што пасля максімальна падхалімскай песні-панегірыка састарэламу дыктатару яму пісалі шмат негатыву — у тым ліку і стрыечны брат, разам з якім артыст вырас.
Але ж пакуль нічога з гэтага не дапамагло артысту вярнуць сваё імя на афішы. Цяпер ён зноў спрабуе дагрукацца да Лукашэнкі — і запісаў нават зварот да таго.
Чарговыя публічныя пакаянні Сашы Нема прагучалі ў падкасце «Неселебы». Ён просіць Бога, каб Лукашэнка пачуў гэты падкаст.
Па словах спевака, шмат хто з беларускіх зорак у 2020 годзе незразумела як трапіў «у мясарубку». Нема бажыцца, што сам спачатку спяваў на канцэртах у падтрымку Лукашэнкі.
— Мы працавалі на канцэртах «За Беларусь!» і за намі бегалі незразумелыя людзі з камерамі: «А што вы тут робіце? А за каго агітуеце?». І мы адбіваліся, рэальна адбіваліся. Каго як зацягнула ў гэту гісторыю…
У сваім выпадку Нема ўсё спісвае на алкаголь:
— Я ўвогуле нічога не памятаю! Як я прачнуўся п'яны, здаецца, у Цэнтральным РУУС Мінска 10 жніўня, на наступны дзень пасля выбараў. Я ніякі вярнуўся ў горад, ніякі. Разумееце, у кожнага свой шлях і я ні аб чым не шкадую…
Артыст тлумачыць, што два гады перад 2020-м для яго былі складанымі: цяжкі развод, дэпрэсія і спробы вырашыць праблемы алкаголем. Кажа, праз усё гэта і трапіў у дзіўную сітуацыю: паехаў у тур за Лукашэнку, а потым незразумела як трапіў на пратэсты.
Распавёўшы гэтую непрыгожую гісторыю, артыст з энтузіязмам пачынае казаць, што марыць сыграць для Лукашэнкі на гітары.
— Я проста мару набраўшыся сілы, досведу, мудрасці сесці і Валерыя Абадзінскага яму сыграць… Як шарахнуць «Эти глаза напротив» як я ўмею, як я магу… А яшчэ лепш, каб ён у зале сядзеў, а ўсё вакол радаваліся.
Нема пахваліўся, што сёлета ў лютым хадзіў на прыём да міністра культуры Руслана Чарнецкага — падпісваў нейкія паперкі. Выйшаў вельмі натхнёным. Пытаўся ў чыноўнікаў: «Дык што, мне ўжо заўтра «гастрольку» дадуць?». Але міністр адказаў, што не ўсё так проста — трэба пачакаць, абяцаў патэлефанаваць пазней. Вось з таго часу спявак і чакае званка — верыць і спадзяецца, што калі-небудзь усё ж пра яго згадаюць і зноў дадуць зялёнае святло.
У наступным годзе ў студзені спеваку споўніцца 45 гадоў:
— Выдатная дата, каб выдаць альбом, сабраць усіх сяброў і яшчэ раз увайсці ў тую каляіну, калі ўсё нармальна, усё добра, я спяваю, прэзідэнт у зале, усё добра, хлопцы з правінцыі: «Надо, батя»!
Пакуль жа Саша Нема засвяціўся ў Маскве — выступіў на фестывалі «Агонь жыцця». І вельмі дзякаваў арганізатарам за шчодры ганарар.
Чытайце таксама:
Спявак Саша Нэма, якога паўгода таму дапытвалі ў ГУБАЗіКу, запісаў песню «Надо, батя!»
«Зайшоў не ў тыя дзверы». Спявак Саша Нема расказаў, чаму яго прыбралі з афіш
Спявак Саша Нэма запісаў рэкламу беларускіх цукерак і насмяшыў сацсеткі