БЕЛ Ł РУС

На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы Крысціна Ціманоўская пабяжыць толькі ў адной дысцыпліне

16.09.2025 / 8:37

Nashaniva.com

У мінулую суботу ў сталіцы Японіі стартаваў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. У Токіа вярнулася беларуска, якая зараз выступае за зборную Польшчы. 

Фота з інстаграма Крысціны Ціманоўскай

Чатыры гады таму Крысціна пакінула Алімпіяду ў Токіа. У жніўні 2021-га падчас Алімпійскіх гульняў у Японіі афіцыйная беларуская дэлегацыя спрабавала прымусам вывезці спрынтарку пасля таго, як яна публічна паскардзілася на тое, што яе без згоды ўнеслі ў склад няпрофільнай эстафеты 4 па 400 метраў. У аэрапорце Ціманоўская адмовілася сядаць у самалёт, папрасіла абароны ў японскай паліцыі і атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы, нагадвае «Трыбуна».

Сёлета на чэмпіянаце свету Ціманоўская мае выступіць толькі ў жаночай эстафеце 4×100 м. Разам з ёй у каманднай заяўцы фігуруюць Эва Свабода, Магдалена Нямчук, Аляксандра Піятроўская, Магдалена Стэфановіч, Марлена Гранашэўская (з іх на дарожку выйдуць толькі чацвёра, калі не здарыцца якога форс-мажора).

Папярэднія забегі пройдуць 20 верасня, фінал жа прызначаны на 21-е.

А чаму Ціманоўская выступае толькі ў эстафеце?

Тут усё проста. Кваліфікацыйныя нормы на чэмпіянат свету — 11,07 на 100 м і 22,57 на 200 м. Ціманоўская іх не выканала. Па сусветным рэйтынгу яна таксама не прайшла (152-я на 100 м і 112-я на 200 м). Польская федэрацыя лёгкай атлетыкі ўзяла спартсменку выключна пад эстафету (індывідуальна ў жаночых 100 м Польшчу прадстаўляе толькі Свабода).

У сезоне-2025 Ціманоўская паказала на стометроўцы найлепшы час падчас чэмпіянату Польшчы. 11,38 дазволілі ўзяць тытул — але не адабрацца на ЧС у індывідуальную праграму. Спартоўка мусіла бегчы і ў фінале на 200 м, але знялася праз дробную траўму. У гэтым сезона яе найлепшы час на такой дыстанцыі складае 23,20.

Беларускія і расійскія каманды на чэмпіянат свету не дапушчаныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула