БЕЛ Ł РУС

Абмеркаванне генплана Мінска выклікала ажыятаж. Што прапаноўвалі гараджане і якія атрымалі адказы?

16.09.2025 / 11:21

Nashaniva.com

Новы генеральны план выклікаў у мінчан бурнае абмеркаванне. За два тыдні ў раённыя адміністрацыі паступілі 212 зваротаў. Жыхары прасілі паскорыць знос старых дамоў, не аддаваць дачныя масівы пад шматпавярховікі, змяніць прамысловыя зоны і падумаць пра новыя паркі. Якія прапановы гучалі і што на іх адказалі спецыялісты, піша Onliner.

Знос сядзіб у Чырвонай Слабадзе

Жыхары вуліцы Чырвоная Слабада, дзе па плане прадугледжаны знос старых дамоў, прасілі не зацягваць працэс: будынкі састарэлыя і патрабуюць рамонту. У адказ ім растлумачылі: калі на працягу трох гадоў пасля зацвярджэння плана працы не пачнуцца, то ўласнікі змогуць рэканструяваць жыллё, нават з павелічэннем агульнай плошчы.

У Дражні шматпавярховікі замест дач?

Паводле старога і новага генпланаў на месцы дачнага таварыства ў Дражні хочуць пабудаваць шматкватэрныя дамы. Жыхары прапанавалі пакінуць тэрыторыю пад сядзібную забудову. Галоўны архітэктар «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў растлумачыў: зрабіць гэта немагчыма. Нормы парушаныя, участкі занадта маленькія, няма пажарных праездаў, а шчыльная забудова не дазваляе вырашыць праблемы скарачэннем надзелаў. Тут патрэбна поўная перабудова, таму ў генплане ўчастак у будучыні забудуюць шматпавярховікамі. Пры гэтым зносіць дамы проста цяпер не будуць.

Малапавярховую забудову захаваюць?

Многія мінчане прасілі захаваць 2—3-павярховыя дамы. Узгадалі праграму рэканструкцыі малапавярховікаў, распрацаваную яшчэ ў 2005 годзе, якая так і не запрацавала ў поўную сілу. Аляксандр Акенцьеў адзначыў, што пытанне заслугоўвае асобнай увагі, і адказам жыхарам магла б стаць абноўленая схема рэканструкцыі з захаваннем часткі дамоў.

Прамзона каля завулка С. Кавалеўскай

Гараджане прапаноўвалі змяніць яе на жылую. Чыноўнікі нагадалі: пытанне вынасу прадпрыемстваў з гэтай зоны разглядалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, але той не падтрымаў гэтую ідэю. Тэрыторыя застанецца вытворчай.

Што будзе з Сельгаспасёлкам?

Звароты паступілі ад жыхароў прыватнага сектара ў Сельгаспасёлку, а таксама на вуліцах Брэсцкай, Севастопальскай, Гусоўскага і Л. Бяды. Паводле дзеючых планаў, асноўная частка сядзіб там захоўваецца, а знос закранае ў асноўным дамы ўздоўж магістраляў. Бо інвестараў на рэканструкцыю пакуль не знайшлося, людзі прасілі перагледзець планы і захаваць прыватны сектар. Чыноўнікі паабяцалі дадаткова прааналізаваць гэтыя тэрыторыі.

Больш грамадскіх аб'ектаў

Некаторыя мінчане выказалі ідэю ўшчыльняць забудову не жыллём, а будынкамі грамадскага прызначэння. Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Гуцько растлумачыў: сітуацыя змянілася. Калі раней пад крамы і сэрвіс праектавалі асобныя будынкі, то цяпер гэтыя функцыі часцей выконваюць убудаваныя памяшканні ў жылых дамах. Па гандлёвых аб'ектах нормы нават перавыкананыя, таму жыллё застаецца ў прыярытэце.

А што з паркамі і зялёнымі зонамі?

Жыхары Мінска прасілі ўладкаваць паркі, напрыклад, на ворных землях паміж Сухарава і Малінаўкай, а таксама зрабіць зялёны калідор паміж Калодзішчамі-2 і будучым раёнам Зялёны Бор. Чыноўнікі адзначылі: прапановы шмат у чым звязаны з асабістай зручнасцю, але горад павінен захоўваць баланс паміж агульнымі і індывідуальнымі інтарэсамі, таму не ўсе ініцыятывы прызналі абгрунтаванымі.

Пашырэнне межаў горада

Гучалі прапановы ўключыць у склад Мінска Копішча, Сціклева, Гатава, Бараўляны і Сеніцу. Чыноўнікі растлумачылі: такія рашэнні магчымыя толькі пры адабрэнні кіраўніка дзяржавы і наяўнасці эканамічных падстаў. Пакуль у гэтым няма неабходнасці. Пры гэтым разрыў ва ўзроўні сацыяльных стандартаў паміж сталіцай і малымі паселішчамі застаецца, і ўмовы для камфортнага жыцця там трэба падцягваць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула