БЕЛ Ł РУС

Мужу Каці Андрэевай, журналісту Ігару Ільяшу далі чатыры гады калоніі

16.09.2025 / 12:53

Nashaniva.com

16 верасня адбылося апошняе пасяджэнне Мінскага гарадскога суда па справе журналіста і палітычнага аналітыка Ігара Ільяша, на якім яму вынеслі прысуд — чатыры гады калоніі.

Ігар Ільяш. Фота з яго сацсетак

Пракурор запатрабаваў для яго 4 гады зняволення і 100 базавых адзінак штрафу.

У пятніцу Ігару Ільяшу было дадзена апошняе слова, у якім ён адхіліў усе абвінавачанні ў інкрымінаваных яму злачынствах, а сваю віну не прызнаў.

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачвалі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Пра яго затрыманне 22 кастрычніка 2024 года паведамілі праўладныя СМІ, сцвярджаючы, што журналіст даваў інтэрв’ю незалежным і замежным медыям, у тым ліку ўкраінскім, што нібыта магло быць выкарыстана супраць дзяржавы.

Сам Ільяш на відэазапісе адзначыў, што да ліпеня 2021 года працаваў на тэлеканале «Белсат», пасля чаго стаў фрылансерам. Ён прызнаваў, што даваў інтэрв’ю розным СМІ, у тым ліку тым, што ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

22 лістапада 2024 года праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітычным вязнем. Раней, у ліпені 2021 года, яго ўжо затрымлівалі на 10 сутак па іншай справе, якая далейшага развіцця не атрымала.

Жонка Ільяша, Кацярына Андрэева (Бахвалава), разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай была затрыманая 15 лістапада 2020 года падчас трансляцыі разгону людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць актывіста Рамана Бандарэнкі. У лютым 2021 года суд прыгаварыў іх да двух гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы палітычнымі вязнямі.

У ліпені 2022 года Кацярына Андрэева атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, з улікам папярэдняга прысуду тэрмін склаў 8 гадоў і 3 месяцы. Яе скаргу ў Вярхоўным судзе ў верасні 2022 года не задаволілі, але фармулёўку абвінавачання змянілі на «шпіянаж».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула