БЕЛ Ł РУС

«Правілы змяніліся». У кантраляваным Кітаем грэчаскім порце арыштавалі тысячы кантэйнераў з кантрабандай

16.09.2025 / 14:54

Nashaniva.com

У Афінах пракуроры паставілі кропку ў шматгадовай аферы: арыштавана рэкордная колькасць кантэйнераў з кітайскімі таварамі. Гэта найбуйнейшая аперацыя ў гісторыі Еўрасаюза, якая выкрыла кітайскую злачынную сетку, што абышла мытныя пошліны на сотні мільёнаў еўра.

Фота: Nicolas Koutsokostas / NurPhoto via Getty Images

Еўрапейская пракуратура (EPPO) правяла найбуйнейшую ў гісторыі Еўрасаюза аперацыю па канфіскацыі кантрабанднага грузу: на складзе ў порце Пірэй, найбуйнейшым у Грэцыі і тым, што знаходзіцца ў кіраванні кітайскай дзяржаўнай кампаніі COSCO, былі арыштаваныя 2435 кантэйнераў з таварамі з Кітая, піша Politico.

Кантэйнеры ўтрымлівалі, у асноўным, электравеласіпеды, тэкстыль і абутак. Паводле звестак пракуратуры, гэтыя тавары на працягу васьмі гадоў сістэматычна ўвозіліся ў ЕС з мэтай ухілення ад выплаты антыдэмпінгавых пошлін і падатку на дабаўленую вартасць. Шкода бюджэту ЕС і краін-членаў склала каля 800 млн еўра.

Каля 500 канфіскаваных кантэйнераў выкарыстоўваліся для ўвозу электравеласіпедаў, пры гэтым 360 з іх не былі задэклараваныя зусім. Страты бюджэту ЕС толькі ад гэтых веласіпедаў складаюць не менш за 25 млн еўра па пошлінах і 12,5 млн па ПДВ.

EPPO выставіла абвінавачванні шасці асобам, звязаным са злачыннай схемай. Сярод іх — двое супрацоўнікаў грэчаскай мытні, якіх абвінавачваюць у шматразовай фальсіфікацыі дакументаў і нанясенні шкоды бюджэту ЕС, а таксама чатыры мытныя брокеры, якім ставіцца ў віну садзейнічанне ва ўхіленні ад пошлін і арганізацыя фальшывых сертыфікацый.

Аперацыя, якая атрымала назву «Каліпса», выявіла працу арганізаваных злачынных сетак, пераважна кантраляваных грамадзянамі Кітая, якія займаліся не толькі кантрабандай, але і адмываннем грошай з наступным пераводам сродкаў назад у Кітай.

Аперацыя «Каліпса» паказвае, што правілы змяніліся, пракаментавалі ў Еўрапейскай пракуратуры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула