БЕЛ Ł РУС

«У Беларусі я пазбаўлены элементарных правоў». Былы журналіст лукашэнкаўскага пула Дзмітрый Семчанка выехаў з краіны

16.09.2025 / 18:39

Nashaniva.com

Былы журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка, які ў жніўні 2020 годзе звольніўся з працы ў знак пратэсту, а пасля быў арыштаваны і асуджаны на тры гады зняволення, паведаміў у фэйсбуку, што разам з сям'ёй выехаў з Беларусі ў Польшчу. 

Дзмітрый Семчанка з жонкай Юліяй. Фота: facebook.com/dandilan

З калоніі №22 «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі Дзмітрый Семчанка вызваліўся 12 ліпеня, цалкам адбыўшы трохгадовы тэрмін. Як і многія іншыя палітвязні, ён не хацеў пасля вызвалення выязджаць з Беларусі, але ўсё ж быў вымушаны прыняць такое рашэнне:

«З Ваўчыных нор я выйшаў з воўчым білетам (гучыць надзіва лагічна для ХХІ стагоддзя). У Беларусі на гэты час я пазбаўлены элементарных правоў. Не магу нават атрымаць сім-карту, застрахавацца ці адкрыць банкаўскі рахунак. Маўчу ўжо пра магчымасць вярнуцца да PR-сферы і маркетынгу, якімі займаўся да арышту», — піша Семчанка.

Цяпер ён «пачынае ўсё з нуля ў Варшаве», што да Беларусі, то «мы яе ніколі не пакінем, бо, як казаў наш класік: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».

Дзмітрый Семчанка быў затрыманы ў верасні 2023 года разам з жонкай Юліяй. Яе аштрафавалі, а ён паўтара месяца адседзеў на Акрэсціна па адміністратыўках, пасля чаго на яго завялі крымінальную справу.

Суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч пакараў Семчанку трыма гадамі калоніі за «распальванне варожасці». «Фармаваў у грамадскасці варожасць і нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады» — гаварылася ў абвінавачванні.

На момант арышту Семчанка быў піяр-менеджарам кампаніі «Белагра», якая займалася продажамі беларускай сельгастэхнікі і запчастак.

Аднак найбольшую вядомасць ён займеў як журналіст АНТ, на якім працаваў з 2009 года. Семчанка быў палітычным аглядальнікам з пула Аляксандра Лукашэнкі, быў лаўрэатам «Тэлевяршыні».

У жніўні 2020 годзе ў знак пратэсту супраць жорсткіх разгонаў мірных акцый ён звольніўся. У верасні 2020 года быў пакараны 15 суткамі за ўдзел у маршах.

Чытайце таксама:

Выйшаў на свабоду былы топ-журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка

«Няма тэлефонаў, спатканняў з табой, і, натуральна, вай-фаю». Былы журналіст з прэзідэнцкага пула ў калоніі вучыцца на зваршчыка

Падтрымаў прапанову зрабіць жывы эфір з Акрэсціна. Калегі пра асуджанага журналіста АНТ Дзмітрыя Семчанку

Дзмітрый Семчанка. Тры крокі да дзвярэй. Верш 

Каментары да артыкула