Тры чвэрці ўкраінцаў згодныя замарозіць канфлікт па цяперашняй лініі фронту
Фота: Генштаб Украіны
Тры чвэрці ўкраінцаў згодныя замарозіць канфлікт па цяперашняй лініі фронту, але мала хто верыць, што вайна скончыцца ў гэтым годзе — такія вынікі апытання, апублікаваныя ў аўторак Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі (КМІС), піша Бі-бі-сі.
КМІС высветліў у ходзе апытання, што 74% жыхароў Украіны гатовыя падтрымаць еўрапейска-ўкраінскі мірны план («хоць і без энтузіязму», як адзначана ў прэс-рэлізе), які ўключае замарозку па цяперашняй лініі фронту без юрыдычнага прызнання захопленых тэрыторый Расіяй і пры дадзеных Украіне гарантыях бяспекі.
Пры гэтым большасць — 56% — мяркуюць, што Расія ўсё роўна паспрабуе зноў напасці на Украіну.
76% апытаных лічаць, што нават калі ЗША спыняць дапамагаць Украіне, супраціўляцца расійскай агрэсіі ўсё роўна трэба будзе працягваць — з дапамогай Еўропы. Тыя ж 76% вераць, што калі б Украіна атрымала дастаткова зброі і грошай, а саюзнікі эфектыўна націснулі б на Расію санкцыямі, то Украіна магла б перамагчы.
У тое, што мір настане ўжо ў гэтым годзе, вераць усяго 18% апытаных.
62% гатовыя цярпець вайну столькі, колькі спатрэбіцца.
54% з тых, хто цяпер не служыць у Сілах абароны Украіны, кажуць, што гатовыя пайсці служыць і са зброяй у руках абараняць краіну (сярод мужчын такіх 63%).