Зяленскі: Расія плануе дзве цяжкія наступальныя кампаніі, тры папярэднія — праваліліся
У той жа час украінскае войска, па словах Зяленскага, неабходна падтрымліваць узбраеннем і фінансавай падтрымкай.
Байцы Палка Каліноўскага, што змагаюцца на ўкраінскім баку. Фота: Полк Каліноўскага
Уладзімір Зяленскі расказаў, што Украіна спыніла тры наступальныя кампаніі РФ, аднак яна плануе яшчэ дзве.Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю SkyNews, піша «Украінская праўда».
«Сапраўды трошкі змяняецца настрой у Еўропе, у ЗША. У цэлым я рады, сапраўды рады, што ўсе прасоўванні РФ, усе іх наступальныя місіі, а іх было ўжо тры, і наперадзе яны яшчэ плануюць дзве цяжкія наступальныя кампаніі. Тры апошнія іх місіі праваліліся. І, на мой погляд, гэта вельмі важны сігнал.
Па-першае: тое, пра што я гаварыў еўрапейцам і ў Белым доме, што расіянам не ўдасца ўзяць наш Усход і што тое, што яны вам распавядаюць, што яны могуць акупаваць горад Сумы — усё гэта ёсць хлусня і маніпуляцыі, і мы ўсё гэта зможам даказаць. І так яно і сталася: тры кампаніі расіяне прайгралі», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён дадаў, што ў расіян вялікая колькасць ахвяр і вялікая колькасць згубленай тэхнікі, і яны цяпер вельмі напружаныя.
У той жа час украінскае войска, па словах Зяленскага, неабходна падтрымліваць узбраеннем і фінансавай падтрымкай, якая ідзе на вытворчасць зброі, і тады Украіна вытрымае яшчэ дзве наступальныя кампаніі РФ.