БЕЛ Ł РУС

«Жыццё зайграла новымі фарбамі». У Гомелі ўзяла шлюб незвычайная пара: жаніху — 91 год, а нявесце — 72

17.09.2025 / 8:21

Nashaniva.com

Мінчанка Тамара Васільеўна і гамяльчук Пётр Сямёнавіч пазнаёміліся два гады таму ў санаторыі. Пара падтрымлівала зносіны на адлегласці, ездзілі ў госці. Аднак 91‑гадовы мужчына зразумеў, што знайшоў тую самую, і зрабіў прапанову. Гісторыю пары расказалі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. 

Тамара Васільеўна і Пётр Сямёнавіч пазнаёміліся два гады таму ў санаторыі «Бярэзіна».

— Ён запрасіў мяне на танец, галантна праводзіў за руку, ветліва пакланіўся. Стройны, падцягнуты, статны, нібы сапраўдны вайсковец. Такім я ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа, — успамінае Тамара Васільеўна.

Паводле яе слоў, у той вечар і на працягу ўсяго адпачынку новы знаёмы ўжо не адыходзіў ад яе. Рамантычныя шпацыры, чытанне вершаў, погляд на жыццё і трапяткія адносіны да жанчыны пакарылі яе сэрца.

Пасля адпачынку яны раз'ехаліся па дамах: яна — у Мінск, ён — у Гомель. Але зносіны не спыніліся. Праз два месяцы жанчына паехала ў госці ў Гомель.

— Ён сустрэў мяне як родную, з радасцю паказаў горад.

 Неўзабаве была і прапанова рукі і сэрца. Жаніх падарыў на заручыны залаты пярсцёнак.

— Тады ўсё здавалася нерэальным, дні зайгралі новымі фарбамі. Падумалася: а чаму б і не? Бо жыццё працягваецца!

Доўга не маглі вырашыць, дзе ж лепш застацца. Пётр Сямёнавіч — чалавек самотны, але ў Гомелі ўсё яго творчае жыццё, хобі і сябры, ён — пісьменнік. У Мінску ж засталіся родныя Тамары Васільеўны — сын і двое ўнукаў.

У пачатку лета хацелі падаць заяву ў мінскім загсе, але там папярэдзілі — чакаць прыйдзецца да кастрычніка, чарга. Тады Пётр Сямёнавіч прапанаваў распісацца ў Гомелі.

Неяк раз, шпацыруючы па Гомелі, пара натрапіла на аддзел загса. Зазірнулі проста спытаць і пачулі: «Прыходзьце, калі пажадаеце!»

— Наша вяселле прайшло ў атмасферы рамантыкі. Я надзела доўгую сукенку, жаніх прыбраўся ў строй, купіў мне шыкоўны букет. Нас распісвалі з душой — вельмі кранальна і добразычліва.

Сціплае вяселле маладажоны адзначылі ўдваіх у рэстаране, але з радасцю дзяліліся навіной з роднымі і сябрамі. У адказ на адпраўленыя фота сыпаліся захапленні і віншаванні.

Пётр Сямёнавіч любіць песціць жонку дранікамі і баршчом, купляе абноўкі і ўпрыгажэнні. Тамара Васільеўна адказвае за парадак у доме і, што галоўнае, сочыць за здароўем мужа.

Муж і жонка поўныя планаў і мараць пра будучыню — агульныя пакупкі, адпачынак у санаторыі, паездку ў Турцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула